узме́жжа, ‑а, н.
Неўзараная зямля паміж палеткамі. Іду па ўзмежжы, калоссе шуміць. Машара. А ў сад зайдзі ўзмежжам да рабін — Гараць, ірдзеюць на марозе. Пысін. / у перан. ужыв. І дух слабеў на цёмным узмежжы, — Але жыццё перамагло. Жылка.
узме́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўзмежка, узмежжа, расце на ўзмежку, узмежжы. Ад шэлесту лісцяў узмежных ігруш Музычнае водгулле ў песню лілося. Купала.
узмо́р’е, ‑я, н.
Марское ўзбярэжжа, а таксама мора каля берага. Быў ціхі вечар, калі тры падарожнікі падышлі балотам да ўзмор’я. Самуйлёнак. Бацька, стары неапалітанскі рыбак, меў лодку, на якой не столькі рыбачыў, колькі катаў на ўзмор’і турыстаў. Лынькоў.
узмо́цнены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад узмацніць.
2. у знач. прым. Больш моцны па ступені праяўлення; які павялічыўся, узрос. Узмоцненая кандэнсацыя пары. Узмоцненая ўвага.
3. у знач. прым. Павялічаны ў аб’ёме, колькасці; большы, чым звычайна. Узмоцненае харчаванне. □ На ўсіх дарогах, якія вялі ў атрад, была пастаўлена ўзмоцненая варта. Сіняўскі.
узмо́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад узмасціць.
узмо́шчвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да узмасціцца.
узмужне́ласць, ‑і, ж.
Стан узмужнелага. Духоўная ўзмужнеласць народа. □ Акцёр [Барыс Платонаў] паказвае духоўны рост героя, яго ўзмужнеласць. Сабалеўскі.
узмужне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які дасягнуў поўнага фізічнага развіцця, стаў дарослым, сталым. Вярнуўся .. [Дзяніс] у Сяргееўку вясной сорак восьмага года. Узмужнелы, стройны, па-салдацку падцягнуты. Гроднеў. Сур’ёзнасць і заклапочанасць рабілі .. [Вольгу] ўзмужнелай, сталай. Пестрак. / Пра расліны. Перайначылі мясціны Працавітыя гады: Горда высяцца яліны, Узмужнелыя дубы. Матэвушаў. // У якім праяўляецца поўнае фізічнае развіццё. Узмужнелы голас. Узмужнелая постаць. // Загартаваны ў баях, працы і пад. Вучань мой, як і я, прайшоў вайну і вярнуўся ўзмужнелым. Кавалёў.
2. перан. Які дасягнуў высокай ступені ў сваім развіцці. Такім чынам, можна сказаць, што ўжо ў зборніку «Прысяга» талент Панчанка паўстае ідэйна ўзмужнелым, узбагачаным новымі каштоўнымі якасцямі. Бярозкін.
узмужне́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. узмужнець.
узмужне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Дасягнуць поўнага фізічнага развіцця; стаць дарослым, сталым. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Дзеці выраслі і ўзмужнелі. Дзяргай. / Пра расліны. Падраслі маладыя дрэвы, узмужнелі намнога старыя. Дубоўка.
2. перан. Дасягнуць высокай ступені ў сваім развіцці. Тэатр настолькі вырас і ўзмужнеў, што летам 1931 года змог ужо выехаць на гастролі ў Маскву і Ленінград. Сяргейчык. У «Іранскім дзённіку», на матэрыяле вялікай, грамадска значнай тэмы, яшчэ больш узмужнела майстэрства паэта. Бярозкін.