Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сце́жачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да сцежка. Лабановіч дайшоў да сцежачкі каля ветракоў і накіраваўся ў школу. Колас. Сцежачка вузкая, як толькі дваім размінуцца, бо ідзе яна праз саўгасныя пасевы. Кулакоўскі.

сце́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Вузкая пратаптаная людзьмі або жывёламі дарожка. Хадкевіч перасек свой сад і выйшаў на сцежку, што вяла цераз жыта. Васілевіч. Пратаптаная сцежка вілася праз пасеку і спускалася да Нёмана. Пестрак. Атрад быў добра ўзброены, меў нават два кулямёты, а воўчыя сцежкі на балотах мала падсыхалі і летам. Машара. // Зробленая для хадзьбы, праезду вузкая дарога ў парках, садах і пад. [Алёшка] чуў .. частыя таропкія крокі [Рэні] па садовай сцежцы. Лынькоў. Вера Мікалаеўна азірнулася — нідзе нікога. Пайшла па асфальтавай сцежцы ўздоўж дома. Арабей. Мутнае святло ад фары ледзь асвятляла веласіпедную сцежку, што вілася ўскрай дарогі. Чарнышэвіч. // перан. Пра вузкі доўгі след, які пакідае што‑н. Месячык выткаў на расе срэбныя сцежкі. Шамякін.

2. перан. Кірунак, шлях дзейнасці, развіцця каго‑, чаго‑н. Насуперак лютай напасці Мы ведалі — ў гэтым жыцці На долю нам выпала шчасце Па ленінскіх сцежках ісці. Хведаровіч. Нават камень рассыпаўся б дробнай жарствой, каб прайшоў ён па сцежцы жыццёвай тваёй. Дубоўка. // Наогул кірунак, шлях да чаго‑н. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, .. умее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў.

сце́лісты, ‑ая, ‑ае.

Які мае сцябло, што сцелецца па зямлі, або ствол з галінамі, якія распасціраюцца над самай зямлёй. Сцелісты гарбузнік. Сцелістая яблыня.

сце́лішча, ‑а, н.

Месца, дзе рассцілаюць лён, каноплі або палатно для адбельвання. Падняўшы трасту са сцелішча, пачалі яе церці, трапаць, узважваць ільновалакно. Бялевіч. Да вайны ў .. [гумне] складвалі знятыя са сцелішча каноплі. Навуменка.

сценабі́тны, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Прызначаны для пралому крапасных сцен. Сценабітны таран.

сценавы́, ‑ая, ‑ое.

Прызначаны для ўзвядзення сцен (гл. сцяна ў 1, 2 знач.). Сценавыя блокі.

сценала́з, ‑а, м.

Птушка атрада вераб’іных, якая мае здольнасць лазіць па стромых скалах і жыве ў гарах Еўропы і Азіі.

сце́напіс, ‑у, м.

Сценны жывапіс, роспіс сцен. Сценапіс пячор.

сценапі́сец, ‑пісца, м.

Мастак, спецыяліст у галіне сценапісу.

сценапі́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сценапісу. Сценапіснае мастацтва.