сце́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Вузкая пратаптаная людзьмі або жывёламі дарожка. Хадкевіч перасек свой сад і выйшаў на сцежку, што вяла цераз жыта. Васілевіч. Пратаптаная сцежка вілася праз пасеку і спускалася да Нёмана. Пестрак. Атрад быў добра ўзброены, меў нават два кулямёты, а воўчыя сцежкі на балотах мала падсыхалі і летам. Машара. // Зробленая для хадзьбы, праезду вузкая дарога ў парках, садах і пад. [Алёшка] чуў .. частыя таропкія крокі [Рэні] па садовай сцежцы. Лынькоў. Вера Мікалаеўна азірнулася — нідзе нікога. Пайшла па асфальтавай сцежцы ўздоўж дома. Арабей. Мутнае святло ад фары ледзь асвятляла веласіпедную сцежку, што вілася ўскрай дарогі. Чарнышэвіч. // перан. Пра вузкі доўгі след, які пакідае што‑н. Месячык выткаў на расе срэбныя сцежкі. Шамякін.

2. перан. Кірунак, шлях дзейнасці, развіцця каго‑, чаго‑н. Насуперак лютай напасці Мы ведалі — ў гэтым жыцці На долю нам выпала шчасце Па ленінскіх сцежках ісці. Хведаровіч. Нават камень рассыпаўся б дробнай жарствой, каб прайшоў ён па сцежцы жыццёвай тваёй. Дубоўка. // Наогул кірунак, шлях да чаго‑н. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, .. умее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)