смехатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і смяшлівы. Смехатлівы чалавек. Смехатлівыя вочы. □ Ляснік заўважыў у.. сініх вачах [Фросі] смехатлівыя іскры. Бядуля.
сме́ціць, смечу, смеціш, смеціць; незак.
Пакідаць дзе‑н. смецце, забруджваць што‑н. смеццем. Міша звярнуў на хлапца ўвагу таму, што той вельмі ж заўзята лузгаў семачкі, выплёўваючы шкарлупкі проста пад ногі, на падлогу.. — А яшчэ школьнікі — сярдзіта паківала галавою.. [бабулька]. — Рассеўся, як у сябе дома, і смеціць. Якімовіч.
сме́цце, ‑я, н.
1. Дробныя адкіды, рэшткі чаго‑н., якія збіраюцца ў дамах, на вуліцы і пад., дробныя часцінкі, якія забруджваюць што‑н. Ніна зноў пачала перамятаць падлогу. Зграбла смецце, вынесла на двор. Асіпенка. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў. // перан. Разм. Пра што‑н. непатрэбнае, лішняе. Твой свет разбурыцца, старога ладу смецце Вятры вясновыя па свеце разнясуць. Панчанка. [Алена:] — Ох, і дурная ж ты, Анютка, ох, і смецця ж у цябе ў галаве!.. Краўчанка.
2. Разм. Драбяза, што‑н. дробнае, нязначнае. Буйную рыбу прадалі, асталося адно смецце.
3. перан. Разм. Пра што‑н. мізэрнае, нязначнае, нікчэмнае; дрэнь. І сапраўды, акінуўшы вокам удзельнікаў нарады, можна было ўпэўнена сказаць, што сярод прысутных смецця не было. Хведаровіч. Сабакі, хлопцы, трэба! — з усёй катэгарычнасцю заяўляе.. [Адам]. — У нас смецце, а не сабакі. Ракітны.
•••
Выносіць смецце з дому (хаты) гл. выносіць.
сме́ццевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да смецця; прызначаны для складвання смецця. Смеццевая яма.
смеццеправо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Канал у сцяне дома з адтулінамі на кожным паверсе для скідвання смецця. Кватэры тут з усімі выгодамі. Ліфт, смеццеправод... «Вожык».
смеццяво́з, ‑а, м.
Машына, якая прызначана для вывазу смецця.
смеццяўбо́рачны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для ўборкі смецця. Смеццяўборачная машына.
смець, смею, смееш, смее; незак., з інф.
1. Мець смеласць для чаго‑н., адважвацца на што‑н. Стаіць ён [вязень] супраць кабінета. Падняць не смее галавы І чуе — кліча вартавы: — Да пана следчага з павета! Колас. Надыдзе час чароўны, як заранка, Якога ты не смееш нават сніць: Ад звону кос прабудзішся на ранку, І ў працы ціха панясуцца дні. Тарас. Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам». Чорны.
2. Мець права на што‑н. На пярэдніх лаўках [у касцёле], бліжэй к ксяндзу, сядзелі паны. З простых людзей туды не смеў ніхто заходзіць. Чорны.
•••
Не смей(це)! — ужываецца як форма строгай забароны што‑н. рабіць. — Што вы робіце? — з гневам прамовіла .. [Ядвіся]. — Не смейце дакранацца да мяне!.. Колас.
сме́шкі, ‑шак; адз. няма.
Жарты, насмешкі. Ганна слухала гэтыя гарэзныя смешкі, спрэчкі, але ні разу, ніводным словам не адгукнулася на іх. Мележ.
•••
Смешкі строіць гл. строіць.
сме́шна,
1. Прысл. да смешны.
2. безас. у знач. вык., звычайна каму або з інф. Пра жаданне смяяцца. [Ядвіся] ж тут, але яго вочы не бачаць яе. І смешна ёй і радасна. Колас. Было смешна глядзець, як мой тоўсты дзядзька, нібы тая качка, перавальваючыся на кароткіх ножках, ціха падкрадваецца да куста. Каршукоў.
3. безас. у знач. вык., звычайна з інф. Дзіўна. Смешна, першыя дні шэрага хлеба не хапала. Мыслівец. Якая там стрэльба?.. Яе, папраўдзе сказаць, смешна і называць стрэльбай. Колас.