рызыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да рызыкаваць.
2. з інф., на што і без дап. Нягледзячы на рызыку, адважыцца зрабіць што‑н. Хто з разведчыкаў не рызыкнуў бы на гэта? На вайне без рызыкі нельга. Новікаў. — Дык што, хлопцы, рызыкнём хіба? Як, Уладзік, рызыкнём? — звярнуўся Тургай да сяброў. Колас.
рызыко́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць рызыкоўнага, смеласць. [Сімон] раптам прыціх, страціў сваю звычайную рызыкоўнасць. Самуйлёнак.
рызыко́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з рызыкай, напоўнены рызыкай. Самая цяжкая ўсё-такі служба ў парашутыстаў-дэсантнікаў. Мужная, смелая. І рызыкоўная. Хомчанка. Доўнар ведаў, што яшчэ маладым інжынерам Пазняк пайшоў на рызыкоўную падпольную работу ў тыле ворага. Дуброўскі.
2. Непрыстойны, двухсэнсоўны. Нявеста сарамліва апускала вочы, калі п’яныя, аўдавелыя маладзіцы спявалі рызыкоўныя прыпеўкі. Асіпенка.