прыахво́ціць, ‑вочу, ‑воціш, ‑воціць; зак., каго-што.
Выклікаць у каго‑н. ахвоту да якога‑н. занятку. Дзед таксама стараўся прыахвоціць унука да кнігі. Каваленка.
прыахво́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыахвоціць.
прыахво́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыахвоціцца.
2. Зал. да прыахвочваць.
прыахво́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыахвоціць.
прыба́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляецца прыбаўкай (у 2 знач.); дадатковы. Прыбавачная плата.
•••
Прыбавачная вартасць гл. вартасць.
прыба́віцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.
1. Дабавіцца, далучыцца ў дадатак да чаго‑н. Сёння.. [Галя] нібы імянінніца, ды гады яе лічацца цяпер па класах, скончыла клас — год прыбавіўся. Якімовіч.
2. Павялічыцца, стаць большым (у памеры, сіле і пад.). Дзень прыбавіўся. Прыбавіцца ў вазе. □ — Цяпер у нас штат прыбавіўся. Тры даглядчыцы маем... Ракітны. / у безас. ужыв. За тры дні ягад прыбавілася. Шашкоў. Пад восень працы ў людзей прыбавілася. П. Ткачоў.
прыба́віць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., што.
1. і чаго. Далучыць, дадаць што‑н. да чаго‑н.; павялічыць колькасць чаго‑н. — Бяда ўся ў зямельным голадзе. А хутары зямлі не прыбавяць. Галавач. // Павялічыць, зрабіць большым (памер, колькасць, хуткасць і пад.). Танкі прыбавілі хуткасць і паспелі пераскочыць мост раней за «праціўніка». Хомчанка. Якаў больш не сцерпеў размовы з Цітком, прыбавіў кроку і пакінуў яго ззаду. Лобан.
2. і без дап. Сказаць што‑н. у дадатак да ўжо сказанага; дадаць. А другі голас прыбавіў: — Усё ўбівае ў галовы, што не гэтак, кажа, жыць трэба, як мы жывем.. Чорны.
3. і без дап. Разм. Перабольшыць, прыхлусіць. — Чаму не скажуць? ото дзіва! Той самы «Тэш», каб падлізацца, Яшчэ прыбавіць і размажа! Колас.
прыбало́тны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца, размяшчаецца паблізу балота. Прыбалотная зямля. □ Скончылася жыта, пачынаўся прыбалотны хмызняк. Кавалёў.
прыбало́чаны, ‑ая, ‑ае.
Трохі забалочаны, балоцісты. Бумажкоў ляжаў на мокрай прыбалочанай зямлі і кідаў бутэльку за бутэлькай. Чорны.
прыба́ўка, ‑і, ДМ ‑баўцы; Р мн. ‑бавак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прыбаўляць — прыбавіць (у 1 знач.) і стан паводле знач. дзеясл. прыбаўляцца — прыбавіцца.
2. Тое, што прыбаўлена, прыбавілася. Прыбаўка ў вазе складае 2 кг. □ Пазагараць яшчэ некалькі дзянькоў на Іртышы было для нас [плытагонаў] як прыбаўка да адпачынку, які мы мелі ўжо амаль тыдзень. Радкевіч.