прыба́віць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., што.

1. і чаго. Далучыць, дадаць што‑н. да чаго‑н.; павялічыць колькасць чаго‑н. — Бяда ўся ў зямельным голадзе. А хутары зямлі не прыбавяць. Галавач. // Павялічыць, зрабіць большым (памер, колькасць, хуткасць і пад.). Танкі прыбавілі хуткасць і паспелі пераскочыць мост раней за «праціўніка». Хомчанка. Якаў больш не сцерпеў размовы з Цітком, прыбавіў кроку і пакінуў яго ззаду. Лобан.

2. і без дап. Сказаць што‑н. у дадатак да ўжо сказанага; дадаць. А другі голас прыбавіў: — Усё ўбівае ў галовы, што не гэтак, кажа, жыць трэба, як мы жывем.. Чорны.

3. і без дап. Разм. Перабольшыць, прыхлусіць. — Чаму не скажуць? ото дзіва! Той самы «Тэш», каб падлізацца, Яшчэ прыбавіць і размажа! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)