клу́мачак, ‑чка, м.
Памянш. да клумак; маленькі клумак. На другі дзень, ранічкаю, Насця з клумачкам у руках потайкам пакінула свой хутар. Колас.
клу́мба, ‑ы, ж.
Градка для кветак у выглядзе якой‑н. замкнутай фігуры. Хлапчукі капалі зямлю і насілі перагной, а дзяўчаты афармлялі клумбы, садзілі кветкавую расаду. Васілевіч. Перад домам быў палісаднік з клумбамі кветак, з маленькім фантанам. Шамякін.
[Ад англ. clump — група (дрэў).]
клу́нак, ‑нка і клу́мак, ‑мка, м.
Дробныя рэчы, пажыткі, звязаныя хусткай, кавалкам матэрыі або складзеныя ў торбу. Спакаваўшы ўсю дробязь у клункі, Маша яшчэ раз агледзела пакой: ці не забылася чаго-небудзь. Гроднеў. У кожнага з.. хлопцаў быў сякі-такі скарбік: у каго цесна звязаны клумак пад пахаю, у каго торбачка з хлебам. Кулакоўскі.
клу́начак, ‑чка, м.
Памянш. да клунак; маленькі клунак. На жалезных прутах віселі торбы, клуначкі з арыштанцкім скарбам. Колас.
клу́ня, ‑і, ж.
Абл. Гаспадарчы будынак для складвання снапоў, сена; пуня. — Ах, божачка мілы! А я ж думала, што [свята] заўтра! — ускінула рукамі Аўгіння: — Лукаш мой даўно пайшоў у клуню малаціць грэчку! Колас.