клеката́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. клекатаць (у 1, 2 і 3 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Клекатанне буслоў. Клекатанне вады.
клеката́ць, клекачу, клякочаш, клякоча; незак.
1. Ствараць клёкат; крычаць падобна некаторым птушкам. Бусел не мае голасу. Ён не крычыць, а клякоча — гучна і часта шчоўкае сваёй дзюбай. В. Вольскі.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бурліць, з шумам кіпець. У чыгунку клекатала юшка. Асіпенка. Плыт перагарадзіў пратоку, і вада клекатала, віравала. Савіцкі.
3. Глуха, перарывіста булькаць (пра гукі ў горле, грудзях). Ад кіслароднае нястачы У горле клекатала кроў. Звонак. / у безас. ужыв. Сержант трызніў, хрыпеў, у горле яго клекатала. Хомчанка.
4. перан. Бурна праяўляецца, не знаходзячы выхаду (пра пачуцці). [Алесь] не разумеў, што крычаў, адна нянавісць клекатала ў ім. Броўка. Злосць і абурэнне клекатала ў яе грудзях. Корбан.
кле́ма, ‑ы, ж.
Прыстасаванне для далучэння правадоў да машыны, прыбора, апарата.
[Ням. Klemme.]
кле́нічы, ‑аў; адз. няма.
Абл. Праклёны, кляцьба. Дзед кляў лысага чыноўніка ўсімі кленічамі, якія толькі ведаў. Якімовіч.
кле́нчанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. кленчыць.
кле́нчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Станавіцца на калені. Пад вечар у покуце Болесь з жонкай кленчылі, спалохана маліліся, не адважваліся падняць уверх вачэй. Карпюк.
2. перан. Настойліва прасіць, клянчыць. Уся сям’я.. сядзела ўжо на возе і кленчыла-ўпрошвала дзеда сесці з імі. Бядуля. Не прасілі нічога ў дарослых, не кленчылі, Гордыя і незалежныя змалку. Панчанка.
клептама́н, ‑а, м.
Той, хто хварэе на клептаманію, схільны да клептаманіі.
клептама́нія, ‑і, ж.
Неадольнае хваравітае імкненне да крадзяжу, якое выклікаецца некаторымі псіхічнымі захворваннямі.
[Ад грэч. kleptō — краду і манія.]
клептама́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да клептаман.
клерк, ‑а, м.
Пісар, канторскі служачы ў некаторых капіталістычных краінах.
[Фр. clerc.]