Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зру́чна,

1. Прысл. да зручны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Практычна, выгадна. Феафіл праводзіў большасць дня ў хаце, і Краўчанку было зручна мець такога чалавека каля сябе. Мікуліч.

3. безас. у знач. вык. Падыходзіць, ёсць спрыяльныя ўмовы для чаго‑н. На самай жа справе, калі зручна было прапусціць заняткі ці пайсці са, сходу або адкласці выпуск насценгазеты, я рабіў гэта. Дуброўскі.

4. безас. у знач. вык. (звычайна з адмоўем). Зусім прыстойна, дазволена этыкай. — Даруй, што доўга не пісала... Сёмка ездзіў у дарогу. Волька занятая, да Зосі ісці не зручна. Гартны.

зру́чнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць, якасць зручнага (у 1 знач.); добрая прыстасаванасць для выкарыстання, задавальнення якіх‑н. патрэб. Зручнасць кватэры. Зручнасць мэблі.

2. Прыстойнасць, этычнасць. [Чарнавуса] сустрэў пажылы блізарукі рахункавод. Сустрэў, як звычайна са стрыманай ветлівасцю і павагай .. Для зручнасці нават спытаў пра сёе-тое з гаспадарчых спраў. Кулакоўскі.

зру́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Добра прыстасаваны для выкарыстання, такі, якім лёгка ці прыемна карыстацца. Гэта быў невялікі, лёгкі і вельмі зручны аўтамат; ложа яго была аздоблена перламутрам, механізм ніколі не даваў асечкі. Шчарбатаў.

2. Добры, падыходзячы; такі, які патрэбен. Зручны выпадак. □ [Тварыцкі] знайшоў зручны момант. Выйшаў з хаты, ляпнуў дзвярамі. Чорны. Хлопцы выбралі зручнае месца пад кустом ажыны, адкуль быў відаць увесь сад. Хомчанка. // Практычны, выгадны. — Мне чалавек зручны патрэбен. І я яго знайду, вядома, знайду. Пестрак.

зруша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Разм. Незак. да зрушыць.

зру́шванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. зрушваць — зрушыць.

зру́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зрушыцца.

2. Зал. да зрушваць.

зру́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зрушыць.

зру́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

Скрануцца з месца; перамясціцца. Першыя машыны ўжо зрушыліся з месца, уся калона ўздрыгнула і, як нешта жывое, папаўзла. Хомчанка.

зру́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.

1. каго-што. Рухаючы, скрануць з месца; перамясціць. Вось малады дубок, як ні руш — не зрушыш, глыбока ў родную глебу паўрастала карэнне. Лужанін.

2. Скрануцца з месца; рушыць. Лабановіч зрушыў з месца і пайшоў у той бок, куды паляцеў і зараз жа знік магутны поезд. Колас. Сонца зрушыла з поўдня і пайшло ніжэй. Чорны.

•••

Горы зрушыць — выканаць вялікую, цяжкую работу.

зрушэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зрушыць і зрушыцца.

2. Спец. Гарызантальнае змяшчэнне горных парод; зрух (у 3 знач.).