Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

до́бранька,

1. Прысл. да добранькі (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык., каму. Пра адчуванне поўнай унутранай задаволенасці ад чаго‑н. Невыказнае .. [замілаванне] разлілося па ўсёй істоце, і дзяўчыне стала добранька-добранька. Гартны.

до́бранькі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Ласк. да добры (у 1, 2 і 3 знач.). Часам.. [Юлька] бывае ласкавенькай, добранькай і міленькай. Бядуля. — Будзьце ж так добранькі, таварыш прадстаўнік, пашкадуйце ўжо мяне, бедную. Галавач.

2. Разм. Ужываецца іранічна ў процілеглым значэнні: дрэнны, нядобры. — Дарэмна крыўдуеш, Сідар. Ты сам ведаеш, што білі цябе пашы хлопцы для адводу вачэй, для жарту, можна сказаць. — Добранькія жарцікі! Лынькоў.

добрапрысто́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць добрапрыстойнага; прыстойнасць. Прытрымлівацца добрапрыстойнасці.

добрапрысто́йны, ‑ая, ‑ае.

Які адпавядае правілам прыстойнасці; прыстойны. Добрапрыстойныя паводзіны. Добрапрыстойны ўчынак. Добрапрыстойны ўплыў.

добрасардэ́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць добрасардэчнага; дабрата характару, спагадлівасць, чуласць.

добрасардэ́чны, ‑ая, ‑ае.

Спагадлівы, чулы, з добрым сэрцам. Добрасардэчны чалавек. // Які выражае добрасардэчнасць. Добрасардэчны ўчынак.

добрасумле́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць добрасумленнага; чэснасць, праўдзівасць. Старыя, пасівелыя за кафедрамі прафесары здзіўляліся: ніколі, бадай, за ўсю іх дзейнасць не было такіх студэнтаў, якія з такой упартасцю, настойлівасцю і добрасумленнасцю авалодвалі навукамі. Шамякін.

добрасумле́нны, ‑ая, ‑ае.

Які чэсна і старанна выконвае свае абавязкі. Шчыры, добрасумленны, [Тарас] захапляўся камсамольскаю работаю і аддаваў ёй шмат часу. Якімовіч. // Дбайны, акуратны, шчыры. Добрасумленнае выкананне абавязкаў. □ Добрасумленная праца рабочых гаспадаркі высока аплачваецца. «Полымя».

добрасусе́дскі, ‑ая, ‑ае.

Дружалюбны, прыязны ў адносінах да суседзяў. Добрасуседскія адносіны. □ Нясе.. хто-небудзь з пошты пісьмо і здалёк яшчэ кажа з добрасуседскай усмешкай: — Ад вашага Івана! Брыль.

добрасусе́дства, ‑а, н.

Дружалюбныя адносіны паміж суседзямі. Жыць па прынцыпу добрасуседства.