Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гурто́к, ‑тка, м.

1. Памянш. да гурт (у 1, 2 знач.). Зося стаяла ў гуртку дзяўчат ля Сёмкінай хаты. Гартны. Другі гурток другой жывёлы, Дзесятак кур, пявун вясёлы Каля платоў чарвей шукалі. Колас.

2. Група людзей, аб’яднаных агульнасцю поглядаў, інтарэсаў. Рэвалюцыйны гурток. Марксісцкі гурток.

3. Група людзей, з якой праводзяцца заняткі па набыццю якіх‑н. ведаў, навыкаў. Агратэхнічны гурток. Драматычны гурток. Харавы гурток.

гурча́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гурчаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. З-за Нёмана даносілася глухое гурчанне далёкага грому. Колас. Пад вокнамі звінеў ручай. Калі было адчынена акно, Федзя чуў яго гурчанне, такое мяккае, лагоднае, падобнае на мурлыканне кошкі. Хомчанка.

гурча́ць, ‑чыць; незак.

Ствараць раўнамерныя, прыглушаным гукі (пра шум матораў, вады і пад.). Рухавік гурчыць роўна, аднатонна і яшчэ больш наганяе сум. Кулакоўскі. Песня звонка гучыць, І гурчаць цягачы. Панчанка.

гуры́ец,

гл. гурыйцы.

гуры́йка,

гл. гурыйцы.

гуры́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гурыйцаў, належыць ім. Гурыйская гаворка. Гурыйскі звычай.

гуры́йцы, ‑аў; адз. гурыец, ‑рыйца, м.; гурыйка, ‑і, ДМ ‑рыйцы; мн. гурыйкі, ‑рыек; ж.

Назва грузінаў, якія жывуць у заходніх раёнах Грузінскай ССР.

гу́рыя, ‑і, ж.

Згодна з каранам, вечна маладая прыгажуня, якая жыве ў раі і ўпрыгожвае там жыццё праведнікаў.

[З арабск.]