Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гультаява́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць гультаяватага.

гультаява́ты, ‑ая, ‑ае.

Схільны да гультайства, трохі лянівы. Марыніч — хітры, гультаяваты чалавек, толькі від паказвае, што робіць, а сам пасмейваецца з Пракопа. Колас. // Які выражае гультайства, уласцівы гультаю. Гультаяватыя рухі. □ Раніцаю цішыню ў пасёлку парушыў гультаяваты, ахрыплы голас суседняга сабакі. Гурскі.

гультаява́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

Ухіляцца ад работы; бяздзейнічаць, лодарнічаць. Людзі сена сушаць, косяць Ды пагоды ў неба просяць; Аддыхнуць пара б, дык дзе там! Хто з сялян гультуе летам? Крапіва.

гулю́шкі, ‑шак.

Абл. Гулянне, гулянка. Ні адно вясковае вяселле, хрэсьбіны і іншыя гулюшкі не абыходзіліся без таго, каб на іх Марцін не ўчыніў вэрхал. Машара.

гу́ля, ‑і і гу́ла, ‑ы, ж.

Абл. Гуз, жаўлак. — Ты чаму гэта не сказаў, што пчала ўджаліла цябе ў лоб? Я адразу знайшоў бы дзьмухавец і яго сокам памагаў бы ранку. Нічога б не было, а то, бач, якая гуля вырасла! Ваданосаў.

гуля́ка, ‑і, м.

Разм. Той, хто гуляе, любіць гуляць (у 1, 2, 4, 5 і 6 знач.). Пра музыку вечна ходзіць Слава кепская ў народзе: «Не касец і не ратай, А гуляка і гультай». Бачыла.

гуля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Тое, што і гульня (у 1 знач.). У гулянках пралятала маё дзіцячае жыццё. Багдановіч. І стаяць, сумуюць санкі, Не знайсці хлапцам гулянкі, Бо не выпаў снег. Кірэенка.

2. Разм. Вечарынка з песнямі, танцамі, гульнямі. Эх, чаму я не скрыпач, не Янка, Што заўсёды Зою праважае, Што заўсёды ў клубе, на гулянках Песні ёй лірычныя іграе. Танк. Пад канец гулянкі шкло зачэрнівалася ад сажы, танцы спыняліся і ўсе разыходзіліся па хатах. Пальчэўскі.

3. Разм. Вясёлае гулянне з частаваннем. Сынок нарадзіўся — гулянка была. Мыслівец. Гулянкі ж высокіх гасцей і стэнаграмы іх тостаў Андрэя Міхайлавіча ні ў якой меры не цікавілі. Самуйлёнак.

гуля́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. гуляць (у 1, 2, 4, 5 і 6 знач.).

2. Забавы, танцы, звычайна пад адкрытым небам. Масавае гулянне. □ З вуліцы праз адчыненую фортку ўліваліся ледзь чутныя гукі музыкі — гэта ў парку ўсё яшчэ ішло гулянне. Хадкевіч.

гуля́ны, ‑ая, ‑ае.

Які ўжо быў у гульні. Гуляная калода карт.

гуля́ўнік, ‑у, м.

Адна- або шматгадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных.