прыва́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вабіць, прыцягвае да сябе якімі‑н. якасцямі, рысамі. «На, еш, я не хачу, дальбог», — гаварыў .. [Толя], працягнуўшы Сашку далонь, на якой быў пакутліва прывабны ласунак. Брыль. Але ў гэтым прызнанні было столькі нявіннай прастаты, шчырай даверлівасці, што такая вестка мяне не толькі не адштурхнула, а зрабіла паненку яшчэ больш прывабнай. Карпюк. // Прыемны з выгляду; прыгожы, мілавідны. Прывабная постаць. Прывабныя рысы твару. □ Прывабныя, ветлівыя дзяўчаты міла ўсміхаюцца і вітаюць нечаканых гасцей. Новікаў.
2. Прыемны; мілы. Прывабны голас. Прывабны выгляд. Прывабная ўсмешка. □ Цішыня і прывабнае цяпло агарнулі.. [Несцера]. Кулакоўскі. — Вам, мусіць, нявесела аднаму? — спытала жанчына.. голасам, у якім чуўся нейкі прывабны смех. Колас.
3. Які вабіць чым‑н., выклікае цікавасць. Прывабная прафесія. □ Вядома, прывабная прапанова — працаваць у клініцы пад кіраўніцтвам такога славутага прафесара. Шамякін.
прыва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.
Павелічэнне вагі (маладняку або жывёл, якія знаходзяцца на адкорме). Сярэднесутачная прывага свіней. □ За які месяц Заранчынага гаспадарання надоі павысіліся як не ў паўтара раза. Павялічылася і прывага маладняку. Сабаленка.
пры́вад, ‑а, М ‑дзе, м.
Тое, што і прывод 2. Ёсць жа ў краіне прадпрыемствы, якія выпускаюць .. [мясарубку] з электрычным прывадам, што дае магчымасць прыстасаваць яе для перапрацоўкі садавіны і гародніны, выціскання сокаў і г. д. «Звязда». Далей на ўсю шырыню сядзібы раскашавалася гумно, трошкі воддаль ад якога пад адмысловай паветкай стаяў назублены прывад малатарні. Сабаленка. — Ламачына, а не малатарня. Ды к таму і прывад няспраўны, — злосна буркнуў Вабейка. Хадкевіч.
прывадне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывадняцца — правадніцца.
прывадні́цца, ‑ваднюся, ‑воднішся, ‑водніцца; зак.
Апусціцца на ваду, на паверхню вады (пра карабель, ракету і пад.). У 18 гадзін 54 мінуты маскоўскага часу 21 верасня 1968 года аўтаматычная станцыя ўвайшла ў атмасферу Зямлі.. і ў 19 гадзін 08 мінут прываднілася ў разліковым раёне ў акваторыі Індыйскага акіяна. «Звязда».
прывадны́, ‑ая, ‑ое.
Спец. Які мае адносіны да прывода 2. Прывадны вал. Прывадны пас. // Які дзейнічае з дапамогай прывода. Прывадны насос. Прывадны молат.
прывадня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да прывадніцца.
прыва́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыважыць.
прыва́жвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прыважваць.
прыва́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыважыць.