прыва́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вабіць, прыцягвае да сябе якімі‑н. якасцямі, рысамі. «На, еш, я не хачу, дальбог», — гаварыў .. [Толя], працягнуўшы Сашку далонь, на якой быў пакутліва прывабны ласунак. Брыль. Але ў гэтым прызнанні было столькі нявіннай прастаты, шчырай даверлівасці, што такая вестка мяне не толькі не адштурхнула, а зрабіла паненку яшчэ больш прывабнай. Карпюк. // Прыемны з выгляду; прыгожы, мілавідны. Прывабная постаць. Прывабныя рысы твару. □ Прывабныя, ветлівыя дзяўчаты міла ўсміхаюцца і вітаюць нечаканых гасцей. Новікаў.

2. Прыемны; мілы. Прывабны голас. Прывабны выгляд. Прывабная ўсмешка. □ Цішыня і прывабнае цяпло агарнулі.. [Несцера]. Кулакоўскі. — Вам, мусіць, нявесела аднаму? — спытала жанчына.. голасам, у якім чуўся нейкі прывабны смех. Колас.

3. Які вабіць чым‑н., выклікае цікавасць. Прывабная прафесія. □ Вядома, прывабная прапанова — працаваць у клініцы пад кіраўніцтвам такога славутага прафесара. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)