Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыбытко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прыбытку, з’яўляецца прыбыткам. Прыбытковыя працэнты. Прыбытковыя грошы.

2. Які дае, прыносіць прыбытак; даходны, выгадны. Прыбытковая справа. Прыбытковая галіна гаспадаркі. Прыбытковае прадпрыемства.

прыбы́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і прыбытковы (у 2 знач.). Пісаў яму Уласюк. «Паважаны дзядзька Андрэй! Калі Вы не маеце дужа прыбытных заробкаў, дык прыязджайце да нас: работа для Вас знойдзецца». Колас.

прыбыццё, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. прыбываць — прыбыць (у 1 знач.).

прыбы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; пр. прыбыў, ‑была, ‑было; заг. прыбудзь; зак.

1. Прыйсці, прыехаць куды‑н. Цягнік прыбыў своечасова. □ Інспектар паведамляў, калі і дзе назначаюцца экзамены, куды настаўнік павінен прыбыць са сваімі вучнямі. Колас. Ужо цямнела, калі Косця са сваім фанерным куфэркам прыбыў у інтэрнат. Карпюк. // Паступіць, быць дастаўленым куды‑н. (пра груз і пад.). — Якраз прыбылі дэталі магутнага земснарада, трэба паглядзець, як ідзе мантаж. Дадзіёмаў.

2. Павялічыцца, прыбавіцца (колькасна, у аб’ёме, велічыні і пад.). Вада прыбыла ў рэчцы. □ На хаду прычэсваючы валасы, са спальні выйшла маці. — На цэлы кілаграм прыбыла, — паказала яна на малую. Арабей. / у безас. ужыв. [Кавальчук:] — У цябе пойдуць справы яшчэ лепш, калі людзей у «Перамозе» прыбудзе. Паслядовіч. У Жыздрыцы за гэты час камсамольцаў прыбыло. Яшчэ запісаўся Арсей Анцішэўчык. Калюга. // З’явіцца ў дадатак да чаго‑н.; дабавіцца. Палічыў — прыбыў сучок адзін У ласіным кусце, між галін. Бялевіч.

•••

Не адбудзе, не прыбудзе гл. адбыць.

У нашым палку прыбыло — нас стала больш, такіх, як мы, стала больш.

прыбяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыбегчы.

прыбядня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

Прыкідвацца бедным, менш забяспечаным, чым у сапраўднасці. — Ат, швагер, не прыбядняйся, — прамовіў Карусь Дзівак. — Кавалак хлеба і да хлеба ты маеш, а што больш трэба? С. Александровіч. Потым Марцініха так пачала прыбядняцца, што выходзіла: дапамагаць трэба не сям’і Враніслава, а сям’і Марцінавай. Карпюк. // Перамяншаць свае заслугі, магчымасці і пад. — Вы ўжо, Стась, не прыбядняйцеся. Вы б і за Зеўса маглі сысці, — сказала Галя. Сабаленка. — Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Мележ.

прыбядня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

Перамяншаць чые‑н. заслугі, вартасці, магчымасці і пад. — Ну, ты ўжо занадта прыбядняеш наш раён, — пакінуліся на Жэньку другія рабяты. Зуб. Тут [у крытычным аглядзе] правільна ацэнена сіла ўздзеяння «Адвечнай песні», не прыбядняе Багдановіч і змест яе, калі ставіць паэму ў адзін рад з «Жалейкай». Лойка.

прыбялі́ць, ‑бялю, ‑беліш, ‑баліць; зак., што.

Разм. Трохі забяліць, закрасіць вадкую страву смятанай або малаком. Прыбяліць боршч.

прыбянтэ́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Разм. Трохі, злёгку збянтэжыцца. Гушка крыху прыбянтэжыўся, убачыўшы прыстава: гэтакага начальства гэтак блізка бачыць ён не спадзяваўся, калі ішоў сюды. Чорны.

прыбярэ́жжа, ‑а, н.

Прыбярэжная паласа зямлі. І, нягледзячы на тое, што час для купання быў заранні,.. настаўнікі з вялікай прыемнасцю выкупаліся, папесціўшы голае цела на гарачым пяску прыбярэжжа. Колас.