прыбы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; пр. прыбыў, ‑была, ‑было; заг. прыбудзь; зак.

1. Прыйсці, прыехаць куды‑н. Цягнік прыбыў своечасова. □ Інспектар паведамляў, калі і дзе назначаюцца экзамены, куды настаўнік павінен прыбыць са сваімі вучнямі. Колас. Ужо цямнела, калі Косця са сваім фанерным куфэркам прыбыў у інтэрнат. Карпюк. // Паступіць, быць дастаўленым куды‑н. (пра груз і пад.). — Якраз прыбылі дэталі магутнага земснарада, трэба паглядзець, як ідзе мантаж. Дадзіёмаў.

2. Павялічыцца, прыбавіцца (колькасна, у аб’ёме, велічыні і пад.). Вада прыбыла ў рэчцы. □ На хаду прычэсваючы валасы, са спальні выйшла маці. — На цэлы кілаграм прыбыла, — паказала яна на малую. Арабей. / у безас. ужыв. [Кавальчук:] — У цябе пойдуць справы яшчэ лепш, калі людзей у «Перамозе» прыбудзе. Паслядовіч. У Жыздрыцы за гэты час камсамольцаў прыбыло. Яшчэ запісаўся Арсей Анцішэўчык. Калюга. // З’явіцца ў дадатак да чаго‑н.; дабавіцца. Палічыў — прыбыў сучок адзін У ласіным кусце, між галін. Бялевіч.

•••

Не адбудзе, не прыбудзе гл. адбыць.

У нашым палку прыбыло — нас стала больш, такіх, як мы, стала больш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)