Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыборабудава́нне, ‑я, н.

Вытворчасць прыбораў (у 2 знач.). Авіяцыйнае прыборабудаванне. Развіццё прыборабудавання.

прыборабудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыборабудавання. Прыборабудаўнічая прамысловасць.

прыбо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Прыбіранне; уборка. Бадай гадзіну адняла прыборка, а заснула Ганна Сымонаўна каля трэцяй гадзіны. Дубоўка. — Ведаеш што, Ганечка, — раптам мяняе план прыборкі Анюта, — вазьмі вось гэты дзяркач і пайдзі чысценька двор замяці. Васілевіч.

прыбо́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прыбора (у 2 знач.). Прыборная дошка.

прыбра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыбраць.

2. у знач. прым. Прыведзены ў парадак, чысты; упрыгожаны. І доўга сядзелі ў пустой, прыбранай хаце, і маўчалі, і моўчкі слухалі, як на сцяне ў поўнай цішыні цікаў гадзіннік. Адамчык. Павялі паслоў Да прыбраных сталоў. Лось.

прыбраха́ць, ‑брашу, ‑брэшаш, ‑брэша; зак., што і без дап.

Разм. Расказваючы што‑н., дадаць ад сябе; прылгаць.

прыбра́цца, ‑бярыся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; заг. прыбярыся; зак.

1. Адзецца прыгожа, лепш, чым звычайна. Ігар прапусціць лекцыю, але затое прыбярэцца ў інстытут: надушыцца, выпрасуе кант, на тоўсты вузел завяжа гальштук. Карпюк. Мяне здзівіла толькі перамена ў настроі, але не тое, што цётка Матруна прыбралася. Лось. // Адзецца ў якую‑н. адзежу. Успамінаюць [казакі] асабліва пра тое, як.. [Паўло Сямёнавіч] у адну з найцяжэйшых гадзін ліпеньскай блакады, ідучы на разведку далёка наперад, прыбраўся чамусьці ў спадніцу і хустку. Брыль. Прыбраўся Кудлаты ў боты, у сярмягу. Танк. // перан.; у што. Пакрыцца чым‑н.; упрыгожыцца чым‑н. Зышліся і скучыліся каля гасцінца кусты алешніку. Прыбраліся яны ў белыя мяккія вопраткі і пра нешта раяцца паміж сабою. Галавач. У гэты дзень, 6 студзеня, з самае раніцы прыбраўся горад у чырвоныя сцягі. Гарэцкі.

2. Разм. Прыбраць дзе‑н., навесці парадак. Прыбралася, памылася, зварыла бульбы, а бацькі ўсё не было. Савіцкі. // Давесці што‑н. да ладу. Прыбрацца з сенакосам.

3. Разм. Сабрацца зрабіць што‑н., заняцца чым‑н. — У горад хачу паехаць на які тыдзень, праветрыцца трэба, ды не прыбяруся ніяк. Чорны. [Сымон:] — Я даўно, дзядок, збіраўся Дзеду нештачка сказаць, Ды ніяк не прыбяруся, Не асмелюся ніяк. Колас.

прыбра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. прыбяры; зак.

1. каго-што. Адзець прыгожа, лепш, чым звычайна. Прыбраць да шлюбу. □ — Прыбраць бы іх прыгожа, — сумна ўсміхаецца Люська, — якраз як сёстры Фёдаравы... Ракітны. // Пакрыць чым‑н. для ўпрыгожвання; упрыгожыць. Сцены прыбралі самымі прыгожымі дыванамі, якія ўмелі ткаць бярозаўскія жанкі. Васілевіч. З іх [дзяўчат] адна вянком удала Галаву сабе прыбрала. Танк. Мароз прыбраў, як майскай квеценню, Сады, палеткі і дамы. Астрэйка.

2. што і без дап. Прывесці ў парадак што‑н., навесці чысціню дзе‑н. Прыбраць у хаце. □ Старанна прыбрала.. [Ганна] кухню, змяла, выцерла кожную пылінку. Колас. Собіч даўно прыбраў стол, але чакаў, глянуўшы на Марыну: яна стаяла каля акна задумаўшыся. Скрыган.

3. што. Прыняць, зняць, знесці адкуль‑н. Прыбраць посуд са стала. Прыбраць камень з дарогі. □ Вясной перад іхнім домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар, прыбралі хлуд. Лось. [Аканом] паклікаў усіх, хто забудаваўся з Гальвасавага лесу, і сказаў за лес заплаціць, а за самаўпраўства даць штраф. А хаты прыбраць з Гальвасавага поля. Чорны. // каго. Разм. Зняць, вызваліць. [Антон Васільевіч], відаць, дабіваецца, каб мяне прыбралі з пасады старшыні. Паслядовіч.

4. каго-што. Разм. Знішчыць, забіць. — Самі ведаеце, як тады жыццё наша калгаснае ішлося. Пабудовы спалены, зямля запушчана, ні цяпла, ні людзей... Усё вайна прыбрала. Сачанка. [Вінцук:] — Так то яно так, але поўзаюць жа па свеце такія гады. І не прыбярэ такую поскудзь ніхто. Машара. [Мікола-падпольшчык:] — Ваня, ты заставайся ў горадзе, прыбяры гада як мага хутчэй, пакуль ён не нарабіў бяды. Новікаў.

5. каго-што. Разм. Завалодаць чым‑н., прысвоіць каго‑, што‑н. Зямлю ж гектараў паўтара Прыбраў вясковы абдзірала, Прыслужнік панскага двара. Колас.

6. што. Разм. Сабраць (ураджай з поля, сена і пад.). — Збожжа прыбралі, азіміну пасеялі — чаму ж не пагасцяваць крыху ў добрага чалавека? Пянкрат. З поля прыбралі багаты ўраджай, сеялі жыта. Чорны. // Канчаткова зрабіць што‑н. на якой‑н. тэрыторыі. — Балота прыбралі ўжо? — Учора касілі ўсім сялом — скончылі! Краўчанка.

•••

Прыбраць да рук — а) захапіць сабе, прысвоіць; б) прымусіць каго‑н. быць паслухмяным. Вялая думка стала больш акрэсленай і перарасла ў рашэнне: прыбраць да рук гэтага.. ветрагона. Самуйлёнак.

прыбрукава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыбрукаваць.

прыбрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Разм. Брукуючы, далучыць да раней выбрукаванага.