прыгаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да прыгаварыць.
2. Гаварыць, суправаджаючы якое‑н. дзеянне. Не зважаючы ні на што і ні на каго, .. [Алік] катаў па вуліцы малога і прыгаворваў яму розныя суцяшальныя словы. Кулакоўскі. — Не бойся, не бойся, дурненькі мой, — гладзячы ката, прыгаворваў хлопчык. Скрыпка.
прыгаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Вострыя, забаўныя словы, словазлучэнні, якія ўжываюцца для ажыўлення гаворкі, якога‑н. дзеяння; прымаўка. Некалькі жанчын і дзяўчат, са смехам і прыгаворкамі памагаючы адна адной, узлазілі на прычэп. Хадкевіч.
прыгаво́рны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да прыгавору (у 4 знач.); чараўнічы. Прыгаворныя шэпты.
прыгада́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыгадаць.
прыгада́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Прыйсці на памяць, успомніцца. З’явяцца новыя людзі, новыя інтарэсы, і можа толькі гады ў рады прыгадаецца.. [Таццяне] сёлетняя практыка — прыгадаецца, каб адразу ж і забыцца. Васілёнак. Даўнім смуткам павеяла на мяне. Прыгадалася сцюдзёная зімняя ноч... Хомчанка. «Слязьмі гору не паможаш», — прыгадаліся .. [Галі] словы маці. Ваданосаў.
2. Уявіцца. Гэта можа толькі прыгадацца ў марах, Як спявала поўная душа. Броўка.
прыгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Узнавіць у памяці; прыпомніць. Як ні стараўся Лыкоўскі, падрабязнасцей сустрэчы прыгадаць не мог. Васілёнак. [Хлебнікава] прыгадала сваю вуліцу, знаёмых, свой дом, што стаіць на Сакалінай гары ў Маскве. Гамолка. — Ну, чый жа ты цяпер падданы? — прыгадаў .. [пану Крулеўскаму] дзед Талаш тое ж пытанне, што сам чуў колісь. Колас. Начальнік эксплуатацыі нават не прыгадаў, што ў распараджэнні інжынера быў тэлефон. Шынклер. // Прыпомніўшы, пазнаць, зразумець. Пятро не адразу прыгадаў, хто гэта жанчына. Пальчэўскі. Толькі, бадай, праз хвіліну [Клаўдзя] прыгадала: гэта ж Тася Хлябніцкая! Баранавых. Вася і Валерый прыгадалі: гэтак стары назваў гаспадара той сядзібкі, што стаіць наводшыбе. Б. Стральцоў.
2. Навесці на ўспамін, прымусіць успомніць што‑н. па асацыяцыі. Гэты вечар, што застыў на шыбах Сіняю каймой, Прыгадаў мне дальнія сялібы, Палісаднік мой. Тарас. Адышла з вачэй, адпала Невыносная журба, Многа сэрцу прыгадала Берасцяная труба. Броўка.
3. Прыпомніць каму‑н. зробленае з мэтай адпомсціць, пакараць. — Вабейка яшчэ прыгадае табе ўсё — пачакай... Хадкевіч. Ах ты, шашаль папяросы! — Прыгадаем табе гэта! Бялевіч.
прыга́дванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыгадваць — прыгадаць і прыгадвацца — прыгадацца.
прыга́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да прыгадацца.
прыга́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыгадаць (у 1, 2 знач.).
прыга́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм. Успамін; згадка. Тады памяць.. выхапіла постаць таго, хто абудзіў усе гэтыя пачуцці і прыгадкі. Лужанін.