прыгадаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Узнавіць у памяці; прыпомніць. Як ні стараўся Лыкоўскі, падрабязнасцей сустрэчы прыгадаць не мог. Васілёнак. [Хлебнікава] прыгадала сваю вуліцу, знаёмых, свой дом, што стаіць на Сакалінай гары ў Маскве. Гамолка. — Ну, чый жа ты цяпер падданы? — прыгадаў .. [пану Крулеўскаму] дзед Талаш тое ж пытанне, што сам чуў колісь. Колас. Начальнік эксплуатацыі нават не прыгадаў, што ў распараджэнні інжынера быў тэлефон. Шынклер. // Прыпомніўшы, пазнаць, зразумець. Пятро не адразу прыгадаў, хто гэта жанчына. Пальчэўскі. Толькі, бадай, праз хвіліну [Клаўдзя] прыгадала: гэта ж Тася Хлябніцкая! Баранавых. Вася і Валерый прыгадалі: гэтак стары назваў гаспадара той сядзібкі, што стаіць наводшыбе. Б. Стральцоў.
2. Навесці на ўспамін, прымусіць успомніць што‑н. па асацыяцыі. Гэты вечар, што застыў на шыбах Сіняю каймой, Прыгадаў мне дальнія сялібы, Палісаднік мой. Тарас. Адышла з вачэй, адпала Невыносная журба, Многа сэрцу прыгадала Берасцяная труба. Броўка.
3. Прыпомніць каму‑н. зробленае з мэтай адпомсціць, пакараць. — Вабейка яшчэ прыгадае табе ўсё — пачакай... Хадкевіч. Ах ты, шашаль папяросы! — Прыгадаем табе гэта! Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)