во́цат, ‑у, М ‑цаце, м.
Раствор воцатнай кіслаты — вадкасць з рэзкім кіслым смакам (ужываецца як вострая прыправа ў ежу, для кансервавання прадуктаў і інш.). Для салатаў лепш ужываць араматызаваны воцат. «Работніца і сялянка».
во́цатнік, ‑у, м.
Паўднёвае дэкаратыўнае дрэва сямейства сумаха.
во́цатніца, ‑ы, ж.
Пасудзіна, у якой воцат падаецца на стол.
во́цатны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да воцату, уласцівы воцату. Воцатны пах. // Прызначаны для воцату, з-пад воцату. Воцатная бутля.
•••
Воцатнае дрэва — воцатнік.
Воцатная кіслата — арганічнае бясколернае рэчыва з рэзкім пахам.
Воцатная эсенцыя — назва моцнага раствору воцатнай кіслаты.
во́чап, ‑а, м.
Шост, да якога прымацоўваецца калодзежнае вядро. Зарыпаў над студняю вочап. Калачынскі. З двара даносіцца неўгамоннае чырыканне вераб’ёў, скрып вочапаў, гук бляшаных вёдраў. Дуброўскі.
во́чапка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Разм.
1. Ручка (пераважна вераўчаная) вядра, бітона і пад.; восілка. Ганька бярэ за вочапку збан вады і выходзіць з хаты. Васілевіч.
2. Вешалка, прышытая да адзення.
во́чка, ‑а; Р мн. ‑чак; н.
1. Памянш.-ласк. да вока (у 1 знач.); маленькае вока. Малыя шэранькія вочкі... Глядзяць з-пад броў зусім панура. Колас.
2. Невялікая (звычайна круглая) адтуліна ў якім‑н. прадмеце. Вочкі гузіка. Дзвярное вочка. □ Два чорныя вочкі дзедавай стрэльбы пільна сачылі за кожным рухам Каралька. Паслядовіч.
3. Круглы, яркі прадмет на фоне чаго‑н. З травы выглядалі.. чырвоныя вочкі суніц. Уперадзе запалілася зялёнае вочка светафора.
4. Пупышка, зрэзаная з дрэва для прышчэпкі. І прышчапіў ёй пад кару Цудоўных пару вочак. Лужанін. // Зародкі парасткаў на клубнях бульбы. Кожны клубень разрэзалі на дзве-тры часткі. Было б вочка, то прарасце. Паўлаў.
5. Значок на ігральнай карце.
6. Пятля ў вязанні. Спусціць вочка. □ [Андрэй] глядзеў, як спрытна варушацца.. пальцы [нянькі], накідваючы адно вочка за другім на пруток, і як лоўка мяняюцца адзін за другім пруткі. Васілевіч.
•••
Строіць вочкі каму гл. строіць.
во́чнік, ‑а, м.
Разм. Тое, што і акуліст.
во́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да вока (у 1 знач.). Вочнае яблыка. Вочныя хваробы.
•••
Вочнае навучанне гл. навучанне.
Вочная стаўка гл. стаўка.