Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

эксцэнтры́чнасць ​1, ‑і, ж.

1. Тое, што і эксцэнтрыка (у 2 знач.), эксцэнтрыяда.

2. Уласцівасць эксцэнтрычнага. Эксцэнтрычнасць выразаў.

3. Эксцэнтрычны ўчынак. Што за эксцэнтрычнасці?

эксцэнтры́чнасць ​2, ‑і, ж.

Зрушэнне цэнтра восі ў адзін бок. Эксцэнтрычнасць вобада.

эксцэнтры́чны ​1, ‑ая, ‑ае.

1. Заснаваны на рэзкіх гукавых, зрокавых кантрастах ці на незвычайных, смешных прыёмах. Эксцэнтрычны нумар. Эксцэнтрычны трук.

2. Незвычайны, дзіўны, вельмі своеасаблівы, мудрагелісты манерамі, схільнасцямі. Эксцэнтрычны ўчынак. □ Гаю ж цяпер было не да крыўды і парахункаў з такім эксцэнтрычным камендантам. Машара. Шыковіч больш чалавек эмоцый, чым развагі, і таму яго ўчынкі часам здаюцца эксцэнтрычнымі, а змены настрою бываюць вельмі нечаканыя, калі не сказаць дзіўныя. «Полымя».

[Фр. excentrique.]

эксцэнтры́чны ​2, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які не мае агульнага цэнтра. Эксцэнтрычныя кругі. Эксцэнтрычныя фігуры.

эксцэнтрыя́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спец. Манера акцёрскай ігры, пабудаваная на выкарыстанні эксцэнтрычных прыёмаў.

эксцэрпі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Выбраць (выбіраць) з тэксту. Эксцэрпіраваць прыслоўі з тэксту рамана «На ростанях» Якуба Коласа.

эксцэ́рпцыя, ‑і, ж.

Выбарка чаго‑н. з тэксту. Эксцэрпцыя назыўных сказаў.

[Ад лац. excerptio — выбіранне, выбарка.]

эксцэ́с, ‑у, м.

1. Крайняе праяўленне чаго‑н.; празмернасць, нястрыманасць. — Ага, зразумела, — сказаў лысаваты. Сківіца ў яго адвісла, быццам стала адразу цяжкай. — Спадзяюся, як культурныя людзі, мы пагаворым без лішніх эксцэсаў. Асіпенка. [Мяснікоў:] — Перадай штабу, усім салдатам: вытрымка! Ніякіх эксцэсаў! Мележ.

2. Парушэнне нармальнага ходу чаго‑н., вострае сутыкненне (звычайна ў грамадскім жыцці). — Гарнізон выконвае мае распараджэнне, а гэта дае магчымасць папярэдзіць узнікненне непажаданых эксцэсаў. Гурскі.

[Ад лац. excessus — выхад; ухіленне.]

экс-...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «былы», напрыклад: экс-чэмпіён, экс-міністр.

[Ад лац. ex — з, ад.]

экта...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «знешні», «знадворны», напрыклад: эктагенез, эктадэрма, эктапаразіты.

[Ад грэч. ektós — звонку, знадворку.]

эктагене́з, ‑у, м.

Агульная назва напрамкаў у эвалюцыйным вучэнні, якія разглядаюць гістарычнае развіццё жывой прыроды як прамое прыстасаванне арганізмаў да навакольнага асяроддзя.

[Ад грэч. ektós — звонку, знадворку і genesis — нараджэнне, узнікненне.]

эктадэ́рма, ‑ы, ж.

Спец.

1. Знешні зародкавы лісток мнагаклетачных жывёлін.

2. Знадворны слой сценкі цела кішачнаполасцевых.

[Грэч. ektós — звонку, знадворку і dérma — скура.]