прывясны́, ‑ая, ‑ое.
Прызначаны, прыстасаваны для прывешвання. Прывясны замок. Прывясная лямпа. □ Грамата напісана уставам на невялікім кавалку пергаменту з абрыўкам шнура ад згубленай прывясной пячаткі. «Помнікі».
прывя́ць, ‑вяну, ‑вянеш, ‑вяне; зак.
1. Трохі, не поўнасцю завяць, звяць. Сонца пякло, трава прывяла, хто-ніхто кінуў ужо касіць. Мележ.
2. перан. Разм. Страціць бадзёрасць; зменшыць запал, заўзятасць. Аж тут Мальвіна тыц сюды! Прывяў пан Богут — будзе буча. Колас.
прывяча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прывеціць.
прыгаблёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыгабляваць.
прыгаблява́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыгабляваць.
прыгаблява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.
Абгабляваўшы, падгабляваўшы, падагнаць, дапасаваць да чаго‑н. Прыгабляваць аконную раму.
прыгавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑верыць; зак., каго-што.
1. Вынесці прыгавор, назначыць якое‑н. пакаранне. Прыгаварыць да расстрэлу. □ Марціна судзілі ў лютым. Прыгаварылі да сямі гадоў пазбаўлення волі. Чарнышэвіч.
2. з інф. Разм. Рашыць, вырашыць.
3. Разм. Дамовіцца з кім‑н. аб чым‑н.; угаварыць каго‑н. зрабіць што‑н. Галена дзве гадзіны стаяла на вялікай дарозе, кіламетраў за два ад Пераброддзя. І такі прыгаварыла падарожнага шафёра, што якраз гнаў машыну яшчэ далей за Перавоз. Чорны.
4. Уст. Прываражыць, прывярнуць.
прыгаво́р, ‑у, м.
1. Рашэнне суда па якой‑н. справе. Па прыгавору ваеннага трыбунала з .. [Жучкова] знялі афіцэрскія пагоны і накіравалі ў штрафны батальён. Корбан. Пакуль чыталі прыгавор, .. [К. Каліноўскі] спакойна і мужна пазіраў на людскі натоўп. С. Александровіч.
2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі. Партызаны вынеслі смяротны прыгавор каменданту суседняга мястэчка, нейкаму пану фон Губерту. Краўчанка. // Рашэнне, меркаванне па якому‑н. пытанню; ацэнка чаго‑н. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас.
3. звычайна мн. (прыгаво́ры, ‑аў). Словы, якімі суправаджаюць якое‑н. дзеянне. [Жанчына] неяк усміхнулася, ажыла.. і пачала свае старыя прыгаворы нанава. — А вы ў Грыні? Ды і я ж у Грыні. Да сястры сваёй, да Раіны... Пташнікаў. Адтуль [з пакоя] чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач.
4. Уст. Варажба, чараўніцтва.
прыгаво́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прыгаварыць.
2. у знач. наз. прыгаво́раны, ‑ага, м.; прыгаво́раная, ‑ай, ж. Той (тая), хто прыгавораны судом да якой‑н. кары. Усе глядзелі на прыгавораных. Шашкоў.
прыгаво́рвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да прыгаворваць (у 1 знач.).