гу́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Разм. Гушкаць. У Каці вочы загарэліся: што гэта за пасылка Гарасіму? А ён і не збіраецца распакоўваць, гутае на руках, як малое дзіця. Лобан.
гу́тнік, ‑а, м.
Рабочы, які працаваў на гуце.
гуцу́лы, ‑аў; адз. гуцул, ‑а, м.; гуцулка, ‑і, ДМ ‑лцы; мн. гуцулкі, ‑лак; ж.
Украінцы, якія жывуць у Карпатах.
гуцу́льскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да гуцулаў, належыць ім. Гуцульскае паселішча. Гуцульская народная творчасць. Гуцульскі звычай.
гуча́льны, ‑ая, ‑ае.
Які ўтварае гук, валодае здольнасцю гучаць. Гучальны буй.
гуча́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. гучаць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Пераможнаю радасцю гучаць жалезныя колы вагонаў, і гэта гучанне падхоплівае зарэчны чарот, ператвараючы яго ў цэлую мяцеліцу адрывістага смеху. Колас.
2. перан. Кніжн. Значэнне, характар. Я. Купала і Я. Колас яшчэ больш узмацнілі грамадскае гучанне нашай сатыры, падалі ёй выразную рэвалюцыйную накіраванасць. Казека.
гуча́ць і гучэ́ць, ‑чыць; незак.
1. Утвараць гукі. Стрэлы гучалі адзін за адным. Дамашэвіч. // чым. Поўніцца гулам, быць напоўненым якімі‑н. гукамі. Лес гучыць птушынымі песнямі.
2. Раздавацца, быць чутным. Гучала мелодыя вясёлай песні, мякка звінелі дзявочыя галасы. Дуброўскі. Усё ўжо скончылася, людзі разыходзіліся па хатах, а ў вуш[ах] Аксінні гучэлі і гучэлі іх галасы. Кулакоўскі.
3. перан. Мець тое ці іншае значэнне, рабіць уражанне. Словы Любы гучалі пераканаўча. Васілевіч. Словы дзядзькі Харытона гучалі як прароцтва. Бажко.
гучнагавары́цель, ‑я, м.
Прыстасаванне для ўзнаўлення гукаў і ўзмацнення гучнасці радыёперадач; рэпрадуктар.