Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

про́пуск, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. прапускаць — прапусціць (у 1 знач.).

2. ‑у. Адсутнасць, выключэнне чаго‑н. Чытаць з пропускамі. □ Собіч, не адрываючыся, сачыў, каб не асталося дзе прапускаў, бо часамі подпіс павінен быць толькі на версе, а часамі і на адвароце, часамі на адным экземпляры, а часамі і на двух. Скрыган. // Незапоўненае месца сярод тэксту. Пропуск паміж радкамі.

3. ‑а. Дакумент на права ўваходу, уезду куды‑н., праходу або праезду праз што‑н. Паказаць пропуск. Праверыць пропуск. □ — Я ж усё-такі актрыса, маю сякое-такое дачыненне да тэатра, ды ў мяне і пропуск на дваіх у ложу дырэкцыі. Рамановіч. — У мяне сумленне чыстае, і я спакойны. Толькі б дастаць ёй у Гродне пропуск за граніцу. Карпюк. // Уст. Пароль. Ведаць пропуск.

4. ‑у. Няяўка на заняткі, сходы і пад. Наведваць лекцыі без пропускаў.

про́разь, ‑і, ж.

1. Скразная, звычайна вузкая адтуліна, прарэзаная ў чым‑н. Саўка зазірнуў у проразь дупла: там бялелі рэшткі воску і дзе-нідзе блішчаў мёд. Сачанка. І тут заўважыў Міколка, як праз проразь паліто відаць жандарскія сінія штаны. Лынькоў. // Разм. Від мастацкай скразной разьбы. // Спец. Выраз, жалабок у прыцэльным прыстасаванні агнястрэльнай зброі.

2. Спецыяльная лодка для перавозкі жывой рыбы.

про́расць, ‑і, ж.

Спец.

1. Загана драўніны, якая заключаецца ў тым, што ўнутры ствала знаходзіцца амярцвелы ўчастак кары і драўніны, які амярцвеў у выніку пашкоджання ствала дрэва.

2. Праслойка мяса ў сале або сала ў мясе.

3. Валакністыя ўтварэнні ў мякаці плода.

про́рва, ‑ы, ж.

1. Вельмі глыбокі, стромкі абрыў, надзвычай глыбокая расколіна; бездань. Сарвацца ў прорву. □ Пячэры клыкі сталактытаў ашчэраць. То раптам тунелі у мроку, то прорва дзвювёрстая збоку. Вялюгін. // Багністае месца; дрыгва. Я рвануўся да.. [Іры], схапіў пад пахі і, ледзь сам не паляцеўшы ў балотную прорву, падняў на бераг, усю мокрую, перапалоханую. Пташнікаў. Балота цягне, засмоктвае ў чорную прорву, усё мацней сціскае грудзі. Аляхновіч. // перан. Бязмежная, вялікая глыбіня. Безупынна звініць ланцуг, і ў прорву бяздоннага ацэментаванага калодзежа з громам ляціць акаванае жалезнымі абручамі драўлянае вядро. Навуменка.

2. перан. Карэннае, прынцыповае разыходжанне ў чым‑н. паміж кім‑, чым‑н. — Маё сэрца цалкам у вашым калгасе. Але між намі, таварышы, — прорва: я — пасялковец. Колас.

3. Разм. Вельмі вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., мноства. Прорва грошай. □ Нялёгка было падняць жаночымі рукамі такую прорву зямлі. Васілевіч. — Бач, параць, смажаць, ядуць, п’юць. Накармі такую прорву. Навуменка.

4. Разм. Аб пражэрлівым чалавеку. — Хлопчыка ўзялі. Ды такі ўжо хлопчык.. Прорва нейкая ненасытная — колькі не кармі, мала яму. Дадзіёмаў.

про́са, ‑а, н.

Злакавая расліна, з зерня якой атрымліваюцца крупы. На ўзаранай і шчодра ўгноенай попелам цаліне закаласілася жыта, проса, авёс, ячмень. В. Вольскі. // Крупы, прыгатаваныя з зерня гэтай расліны. Зварыць кашу з проса.

про́сам,

У выразе: просам прасіць гл. прасіць.

просападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд проса, падобны на проса. Просападобныя культуры.

про́сва, ‑ы, ж.

Абл. Жалезны болт, прэнт для закрывання аканіц. — А ў Касяка, калі паслалі пасцелю і зачынілі вокны на просвы, — хоць гвалту крычы. Здаецца, зноў апынуўся ў каменным мяху... Лужанін.

про́свіра, ‑ы, ж.

Белая круглая булачка з крутога прэснага цеста, якая выкарыстоўваецца ў абрадах праваслаўнага набажэнства. Пісарскі трыумф поўны, а вянец гэтаму трыумфу — просвіра, якую і падносіць яму Крэшчык у канцы абедні на срэбранай талерцы па загаду а. Мікалая. Колас.

про́свірка, ‑і, ДМ ‑рцы, Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Тое, што і просвіра.