про́рва, ‑ы, ж.
1. Вельмі глыбокі, стромкі абрыў, надзвычай глыбокая расколіна; бездань. Сарвацца ў прорву. □ Пячэры клыкі сталактытаў ашчэраць. То раптам тунелі у мроку, то прорва дзвювёрстая збоку. Вялюгін. // Багністае месца; дрыгва. Я рвануўся да.. [Іры], схапіў пад пахі і, ледзь сам не паляцеўшы ў балотную прорву, падняў на бераг, усю мокрую, перапалоханую. Пташнікаў. Балота цягне, засмоктвае ў чорную прорву, усё мацней сціскае грудзі. Аляхновіч. // перан. Бязмежная, вялікая глыбіня. Безупынна звініць ланцуг, і ў прорву бяздоннага ацэментаванага калодзежа з громам ляціць акаванае жалезнымі абручамі драўлянае вядро. Навуменка.
2. перан. Карэннае, прынцыповае разыходжанне ў чым‑н. паміж кім‑, чым‑н. — Маё сэрца цалкам у вашым калгасе. Але між намі, таварышы, — прорва: я — пасялковец. Колас.
3. Разм. Вельмі вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., мноства. Прорва грошай. □ Нялёгка было падняць жаночымі рукамі такую прорву зямлі. Васілевіч. — Бач, параць, смажаць, ядуць, п’юць. Накармі такую прорву. Навуменка.
4. Разм. Аб пражэрлівым чалавеку. — Хлопчыка ўзялі. Ды такі ўжо хлопчык.. Прорва нейкая ненасытная — колькі не кармі, мала яму. Дадзіёмаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)