прывя́занасць, ‑і, ж.
Пачуццё блізкасці, заснаванае на сімпатыі, адданасці каму‑н. Аўгіня, на злосць Васілю, .. дэманстравала сваю прывязанасць да Алесі. Колас. Яшчэ мацнейшай станавілася яго прывязанасць да Уладзіка, усё сваё пачуццё Андрыян аддаваў яму. Марціновіч. Любоў да беларускай зямлі, замілаванне і прывязанасць да народа, сярод якога збіральнік [М. Федароўскі] пражыў столькі гадоў, засталіся ў яго душы назаўсёды. Саламевіч. // Цяга, схільнасць да чаго‑н. [Вялічка] бачыў, што ўсе едуць дадому і слова «дом» — гэта для іх усё тое, аб чым ён цяпер сумаваў і чаго не мае, бо там ёсць толькі бацькава магіла і прывязанасць душы і сэрца. Чорны. Прывязанасць да рэалістычна-канкрэтнага праўдападабенства ў паказе жыцця, такім чынам, не дазволіла Багдановічу зразумець усё наватарства ў форме «Адвечнай песні». Лойка.
прывя́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прывязаць.
прывяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.
1. Прымацавацца да чаго‑н. вяроўкай, рэменем і пад. [Макараў] сеў у кабіну, прывязаўся, агледзеўся. Алешка.
2. перан. Адчуць прыхільнасць да каго‑, чаго‑н., неабходнасць быць дзе‑н., з кім‑, чым‑н. Мая так прывязалася да Наташы, што калі тая, занятая якой-небудзь тэрміновай працай доўга не прыходзіла да іх, сумавала. Краўчанка. Будучы здольным моцна прывязацца да чалавека, [Галынскі] не знаходзіў людзей, якія маглі б выклікаць у ім пачуцці гэткай прывязанасці. Галавач.
3. перан. Прыстаць да каго‑н. з назойлівымі просьбамі, пытаннямі і пад. — Ды што ты, чалавек! Ашалеў?!. Каб я так сваю гаспадарку аглядаў, як я бачыў твайго каня.. І чаго прывязаўся чалавек? Крапіва. — Язэп, уставай — крычыць ён [дзед] сыну: Уставай у гэтую ж хвіліну! — .. — Чаго да хлопца прывязаўся? Лепш лёг бы каменем. Набраўся! — Гаворыць баба і сярдуе. Колас. // Пачаць неадступна ісці за кім‑н., праследаваць каго‑н. Сабака прывязаўся за хлопчыкам.
4. Спец. Звязацца з якім‑н. арыенцірам, суаднесціся з чым‑н.
прывяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вежа; зак.
1. што. Звязаўшы, завязаўшы вузлом, прымацаваць да чаго‑н. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. Сымон прывязаў лейцы да лёсткі, саскочыў з воза і пайшоў .. поруч. Чарнышэвіч. // Прымацаваць да чаго‑н. пры дапамозе вяроўкі, рэменя і пад. [Параход] прывязалі канатамі, паклалі дошкі на бераг, пачалі высаджваць палонных. Лынькоў. За канаўкаю чалавек прывязаў каня да мізэрнай астачы плота і сам крута павярнуў за вугал. Чорны.
2. перан.; каго. Цесна звязаць з кім‑, чым‑н., паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Без млына Нічыпар не мог пражыць. Пятнаццаць гадоў моцна прывязалі яго да старой, пахілай будыніны. Асіпенка. Некалькі разоў за той дзень .. [Антон] ўкрадкам варочаўся да дарогі і кожны раз адыходзіў назад. Але вялікая сіла прывязала яго да гэтага месца. Чорны.
3. перан., каго. Выклікаць прывязанасць да каго‑н. — І наогул — ён асілак-чалавек. Увойдзе, абзавецца і адразу прывяжа да сябе. Лужанін.
4. што. Спец. Звязаць з якім‑н. арыенцірам, суаднесці з чым‑н.
прывя́званне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. прывязваць — прывязаць (у 1 знач.) і прывязвацца — прывязацца (у 1, 3 знач.).
прывя́звацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прывязацца.
2. Зал. да прывязваць.
прывя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прывязаць.
пры́вязка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
Вяровачка, шнурок, раменьчык і пад. для прывязвання чаго‑н. Прывязка цэпа. □ Парвалася сырамятная прывязка, трэба было ісці ў хату па нож, каб прарэзаць пяцельку. Крапіва.
прывя́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; ж.
Дзеянне паводле дзеясл. прывязваць — прывязаць (у 1, 4 знач.) і прывязвацца — прывязацца (у 1, 4 знач.).
прывязны́, ‑ая, ‑ое.
Прызначаны для прывязвання; такі, які можна прывязаць. Прывязны рэмень.
пры́вязь, ‑і, ж.
1. Вяроўка, рэмень, ланцуг і пад., якімі прывязваюць, прымацоўваюць каго‑, што‑н. Ласяня тупала каля дубка, нарабіла сарвацца з прывязі. С. Александровіч. Прыгледзеўшыся, .. [Андрэй] убачыў, што хтось адвязвае цялё, якое пасвілася на прывязі. Дуброўскі.
2. Прыстасаванне для прывязвання жывёлы на адкрытым месцы. Разагнацца не было дзе. Я аб’ехаў вакол прывязі. Якімовіч.
•••
Трымаць язык на прывязі гл. трымаць.