Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прачы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прачышчаць — прачысціць.

прачы́сціцца, ‑ціцца; зак.

Ачысціцца, стаць чыстым. Неба прачысцілася.

прачы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціні, ‑чысціць; зак., што.

1. Зрабіць чыстым (адтуліну, паглыбленне і пад. у чым‑н.). [Туравец] атрос пясок, які насыпаўся за каўнер, прачысціў вушы... Мележ. Багдан спыніў работу, прачысціў рубанак і прысеў на дошку ў чаканні. Дуброўскі. // Вызваліць ад чаго‑н. пэўную прастору; расчысціць. Прачысціць дарожку ад снегу. □ І больш чым на вярсту тады Прачысціў ён [вадзіцель] дарогу. Смагаровіч.

2. Часткова высякаючы, зрабіць больш рэдкім (лес, зараснік і пад.). Прачысціць сад. Прачысціць яблыні. Прачысціць лес.

3. перан.; і каго. Прабраць за што‑н. Я падумваў ужо аб парадку сходу, на якім патрэбна будзе прачысціць Міколу за марнатраўства грамадскіх сродкаў. Нядзведскі. Прачысцілі яго [нарыхтоўшчыка] на сходзе, Яшчэ вымову Запісалі ў пратакол. Корбан.

4. і без дап. Чысціць некаторы час.

прачыта́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. прачытаць (у 1 знач.).

прачы́таны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прачытаць.

прачыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. і без дап. Успрыняць што‑н. напісанае ці надрукаванае (сам сабе ці вымаўляючы ўголас). Прачытаць партытуру оперы. □ Надпіс быў відаць, але зарос мохам, і прачытаць яго было немагчыма. Чарнышэвіч. — А просты аловак заўсёды пакідае чысты след, можна прачытаць. Новікаў. // Зразумець, расшыфраваць якія‑н. знакі, абазначэнні і пад. Прачытаць кардыяграму. □ Рэкі, балоты, азёры, састаў лесу і вышыня дрэў — усё заўважае зоркі аб’ектыў, а спецыяльныя прылады дапамагаюць потым прачытаць, расшыфраваць фотаздымкі. Гавеман. // Чытаючы, пазнаёміцца са зместам (артыкула, кнігі і пад.). Прачытаць артыкул. □ Маша аддала пісьмо Максіму і папрасіла прачытаць. Мележ. Лясніцкі прачытаў данясенне. Шамякін. Лідзія Пятроўна, настаўніца, прачытала ў газеце, што тут адкрываецца школа, у якой будуць вучыць друкаваць кніжкі. Брыль.

2. перан. Па якіх‑н. знешніх прыкметах, праяўленнях убачыць, зразумець (чые‑н. унутраныя перажыванні, думкі, жаданні і пад.). Пятро не зводзіў вачэй з Галіны, стараючыся прачытаць на жаночым твары прысуд свайму рашэнню. Шахавец. Мікалай прачытаў у вачах камісара трывогу. Шамякін.

3. Прадэкламаваць. Прачытаць верш. Прачытаць урывак з паэмы.

4. Сказаць з мэтай павучання, настаўлення. Прачытаць натацыю. □ Спачатку ён заедзе да Сяргеева, які, зразумела, прачытае Валодзю мараль. Федасеенка.

5. Расказаць, перадаць вусна слухачам што‑н. Прачытаць даклад аб міжнародным становішчы. Прачытаць курс беларускай літаратуры. □ Лекцыю пра калгасы прачытаў студэнт Федасенка. Скрыган.

6. і без дап. Чытаць некаторы час. Прачытаць усю ноч.

прачы́тванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. прачытваць — прачытаць (у 1 знач.).

прачы́твацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прачытваць.

прачы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прачытаць (у 1 знач.).

прачы́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прачысціць.