прачыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. і без дап. Успрыняць што‑н. напісанае ці надрукаванае (сам сабе ці вымаўляючы ўголас). Прачытаць партытуру оперы. □ Надпіс быў відаць, але зарос мохам, і прачытаць яго было немагчыма. Чарнышэвіч. — А просты аловак заўсёды пакідае чысты след, можна прачытаць. Новікаў. // Зразумець, расшыфраваць якія‑н. знакі, абазначэнні і пад. Прачытаць кардыяграму. □ Рэкі, балоты, азёры, састаў лесу і вышыня дрэў — усё заўважае зоркі аб’ектыў, а спецыяльныя прылады дапамагаюць потым прачытаць, расшыфраваць фотаздымкі. Гавеман. // Чытаючы, пазнаёміцца са зместам (артыкула, кнігі і пад.). Прачытаць артыкул. □ Маша аддала пісьмо Максіму і папрасіла прачытаць. Мележ. Лясніцкі прачытаў данясенне. Шамякін. Лідзія Пятроўна, настаўніца, прачытала ў газеце, што тут адкрываецца школа, у якой будуць вучыць друкаваць кніжкі. Брыль.

2. перан. Па якіх‑н. знешніх прыкметах, праяўленнях убачыць, зразумець (чые‑н. унутраныя перажыванні, думкі, жаданні і пад.). Пятро не зводзіў вачэй з Галіны, стараючыся прачытаць на жаночым твары прысуд свайму рашэнню. Шахавец. Мікалай прачытаў у вачах камісара трывогу. Шамякін.

3. Прадэкламаваць. Прачытаць верш. Прачытаць урывак з паэмы.

4. Сказаць з мэтай павучання, настаўлення. Прачытаць натацыю. □ Спачатку ён заедзе да Сяргеева, які, зразумела, прачытае Валодзю мараль. Федасеенка.

5. Расказаць, перадаць вусна слухачам што‑н. Прачытаць даклад аб міжнародным становішчы. Прачытаць курс беларускай літаратуры. □ Лекцыю пра калгасы прачытаў студэнт Федасенка. Скрыган.

6. і без дап. Чытаць некаторы час. Прачытаць усю ноч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)