Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кляймі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак., каго-што.

Тое, што і клеймаваць. Кляйміць лес. Кляйміць жывёлу. □ Гнеўны голас паэта кляйміць ганьбай ворагаў міру. Шкраба.

кляймо́, а́; мн. кле́ймы (з ліч. 2, 3, 4 кляймы́), кле́ймаў; н.

1. Пячатка, знак, якія ставяцца на вырабах і паказваюць гатунак тавару, назву прадпрыемства і пад. Фабрычнае кляймо. Завадское кляймо. □ Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша. Шамякін. // Выпалены знак на скуры жывёлы. // Метка, звычайна ў форме літар, выпаленая на целе злачынца (у некаторых дзяржавах і ў Расіі да 1863 года).

2. перан.; чаго або якое. Знак, сведчанне чаго‑н. (звычайна ганебнага). Кляймо забойства. □ Занятак адкладвае на кожнага своеасаблівае кляймо. Бядуля.

3. Прылада, якой кляймуюць.

•••

Каінава кляймо — след злачынства на кім‑н.

кляймо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кляйма; які з’яўляецца кляймом. Кляймовы знак.

кля́кса, ‑ы, ж.

Чарнільная пляма. Ручка ўпала на паперу, пасадзіўшы на ёй добрую кляксу. Лынькоў.

кля́мар, ‑а, м.

1. звычайна мн. (кля́мары, ‑аў). Драўляныя пласціны, якія ставяцца з абодвух бакоў сцяны і сцягваюцца жалезнымі прутамі для яе выраўноўвання і мацавання. Узяць сцяну ў клямары.

2. Абл. Спражка на рэмені, папрузе. [Арцыховіч] падперазаўся новай папругай з блішчастым клямарам. Алешка.

кля́мачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клямкі. Клямачны слясак.

кля́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Прыстасаванне, з дапамогай якога адчыняюць і зачыняюць дзверы. [Рашчэня] націснуў на язычок клямкі і крануў локцем брамку. Пальчэўскі. Міхал паціснуў клямку і пераступіў парог сянец. Васілевіч. // Дзвярная зашчэпка, якая надзяваецца на прабой і прыціскаецца замком або затычкай. Спяшаючыся, [Пракоп] зашчапіў дзверы на клямку і заткнуў у прабой дубовы калок-затычку. Якімовіч.

кляні́на, ‑ы, ж.

Разм. Асобнае дрэва клёна. // Драўніна клёну. Вось вы зірніце ў хлеў на вышкі! Там многа яблынін на лыжкі, Там ёсць ігруша, і кляніна. Колас.

кляно́вік, ‑у, м.

Разм. Кляновы сок. І дачка з гладыша п’е кляновік нагбом. Аўрамчык.

кляно́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да клёна. Кляновы ліст. // Зроблены з клёну. Кляновая лыжка. Кляновая дошка.

2. у знач. наз. кляно́выя, ‑ых. Сямейства дрэў і кустоў, да якога адносяцца клён, явар, чарнаклён і інш.