прачаса́ць 1, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.
1. Апрацаваць валакно часаннем. Прачасаць лён.
2. перан. Пільна агледзець ці абстраляць якую‑н. мясцовасць, ловячы каго‑н., шукаючы чаго‑н. Калі Радзівіл акрыяў, дык загадаў прачасаць усе лясы, аколіцы, каб знайсці бунтара Саўку Траяна. Гурскі. Ноччу пры святле ракет гітлераўцы яшчэ раз прачасалі ўчастак паўднёвых варот, але, як і першы раз, нічога не выявілі. Лупсякоў.
3. і без дап. Часаць 1 некаторы час. Прачасаць лён цэлы тыдзень.
прачаса́ць 2, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.
1. Спец. Зрабіць, выраўняць што‑н. часаннем 2. Аляксей узяў з рук маладога цесляра сякеру. Прачасаў метры два з аднаго боку і адагнуўся. Пальчэўскі.
2. і без дап. Часаць 2 некаторы час. Прачасаць увесь дзень.
прача́хнуць, ‑не; зак.
Разм. Астудзіцца, зрабіцца халодным; ачахнуць. Печ прачахла.
пра́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Работніца, якая займаецца мыццём бялізны. Калі была [Рога] на катарзе, дык ёй даводзілася доўга працаваць прачкай. Лынькоў.
прачну́цца, ‑чнуся, ‑чнешся, ‑чнецца; зак.
1. Перастаць спаць, прабудзіцца. Лабановіч прачнуўся і стаў прыслухоўвацца. Колас. Косцік прачнуўся на досвітку: нехта моцна стукаў у акно. С. Александровіч. Прачнуўся Міколка ад стрэлаў. Лынькоў. // перан. Напоўніцца гукамі, рухам; ажыць. Трамвай прачнуўся, празвінеў, Адкрыліся вітрыны рана. Танк.
2. перан. Стаць актыўным, выйсці са стану застою, спакою. Прачнуліся нівы і хаты: Ўся ў полі людская сямейка, За сошкай шнуруе араты, Ля статку іграе жалейка. Купала. Мой спеў напоўнен быў жаданнем, Каб наш прачнуўся родны люд. Журба.
3. перан. З’явіцца, выявіцца (пра пачуццё, уласцівасць, якасць). Можа, і праўда ў чалавека прачнулася пачуццё любві да радзімы. Сабаленка.
прачо́ска 1, ‑і, ДМ ‑чосцы; Р мн. ‑сак; ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прачэсваць 1 — прачасаць 1.
прачо́ска 2, ‑і, ДМ ‑чосцы; Р мн. ‑сак; ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прачэсваць 2 — прачасаць 2.
прачува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што і з дадан. сказам. Тое, што і прадчуваць. [Марыля:] З самага пачатку я прачувала, што нічога з гэтага.. не выйдзе, і што ж, ці не мая праўда? Купала.
2. Незак. да прачуць.
прачу́ласць, ‑і, ж.
Уласцівасць прачулага. Пяюць гэтую песню з нейкім асаблівым пачуццём, з такой прачуласцю і сардэчнасцю, што хочацца яе слухаць і раз, і два, і, здаецца, цэлы вечар слухаў бы адну гэтую песню. Шчарбатаў.
прачу́лы, ‑ая, ‑ае.
Напоўнены вялікім пачуццём. Хай новыя людзі на заўтра пабачаць, Як сэрцы імкнуліся край будаваць, Пабачаць і ў песнях прачулых адзначаць Адважных байцоў незлічоную раць. Куляшоў. У трыццатыя гады паэт стварае самыя прачулыя свае вершы, дзе ўсімі гранямі пераліваюцца пачуцці радасці жыцця, свабоднай працы. Навуменка. Многа цёплых, прачулых слоў давялося пачуць Барысу ад прысутных пра сям’ю старога чыгуначніка Фёдара Цімафеевіча Даражкова. Васілёнак.
прачу́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прачуць.
2. у знач. прым. Прасякнуты пачуццём. Грыміць напружанай хадой Вялікіх творцаў пакаленне... Ім верш прыветны, сціплы мой, Маё прачутае ўслаўленне. Хадыка. Прачутае жывое слова, Як сталь адменнага ліцця, Грымела мужна і сурова Над злой няпраўдаю жыцця. Глебка.
прачуха́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Абл. Праборка, вымова за што‑н. Дасталася добрая прачуханка Міколку ад маткі. Лынькоў.