Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праця́ць, пратну, пратнеш, пратне; пратнём, пратняце; зак., каго-што.

1. Пракалоць, праткнуць чым‑н. колючым наскрозь; прарэзаць. Пакуль салдаты пілі, яна безупынку шчабятала. І ўсё пра свайго мужа нябожчыка Рыкарда. Што, калі б яго не працяў рагамі раз’юшаны бык, Рыкарда таксама абараняў бы рэспубліку. Беразняк. Раменная плётка са свістам працяла паветра і апякла брату цела. Карпюк. // перан. Пільна ўгледзеўшыся, пранікнуць куды‑н. У цыгана быў погляд глыбокі, уедлівы, нібы ён стараўся ім працяць мяне. Чыгрынаў. Зірнула .. [жанчына] на мяне так, нібы хацела позіркам працяць навылёт. Сабаленка.

2. перан. Пранізаць усю істоту (пра вецер, холад, боль і пад.). Бацька пасядзеў на ганку, услухоўваючыся ў наваколле, пакуль яго не працяў перадранішні халадок. Марціновіч. Нешта цяжкое навалілася на плечы, востры боль наскрозь працяў шыю. Шахавец. / у безас. ужыв. Імгненным страхам працяло ўсё цела. Навуменка. // Моцна, раптоўна падзейнічаць, зрабіць глыбокае ўражанне. Маўчанне зацягвалася. Вера не ўмела парушыць яго. Здавалася, тут патрэбны словы, каб працялі чалавека наскрозь. Асіпенка. Хрысціна устрапянулася, нейкая здагадка іскрай радасці працяла яе ўсю. Краўчанка.

працячы́, ‑цячэ; ‑цякуць; пр. працёк, ‑цякла, ‑цякло, зак.

1. Прайсці дзе‑н. сваім цячэннем (пра раку, ручай). Заўтра сотні ў пустыні Праменістых рэк працякуць. Панчанка.

2. Пранікнуць, прасачыцца (пра ваду, вадкасць). Вада працякла ў лодку. / у безас. ужыв. Тут пахла сырымі анучамі, венікамі. Сцены аблупленыя, на столі вялікі руды круг — працякло са страхі. Арабей.

3. Перастаць затрымліваць ваду ці іншую вадкасць. Чайнік працёк. Страха працякла.

4. Прайсці, мінуць (пра час, падзеі). Наша маленства працякло задоўга да Вялікай Айчыннай вайны. Грамовіч. Шмат гадоў працякло З таго слаўнага дня, Як на нашай зямлі Заяснела вясна. Журба.

•••

Многа вады працякло (ўцякло) — многа прайшло часу, змен.

прачака́нены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прачаканіць.

прачака́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

1. Зрабіць чаканку чаго‑н.; аздобіць чаканкай.

2. Чаканячы, прабіць наскрозь.

3. і без дап. Чакапіць некаторы час.

прачака́ньвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прачаканьваць.

прачака́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прачаканіць (у 1, 2 знач.).

прачака́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., каго-чаго.

Доўга пачакаць; стаміцца ад доўгага чакання. Усе прачакаліся дзеда з Петрыкам і рашылі абедаць без іх. Місько. Гнецца пад вясеннім ветрам бэз, Стукаючы ў шыбіны табе, Ты ж чакаеш, прачакалася даўно, Каб, нарэшце, я пастукаў у акно. Лойка.

прачака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і чаго.

Чакаць некаторы час. Прачакаў дзед гадзіну, прачакаў другую. Колас. Паўлюкоўскі падаў апеляцыю і вось два гады з паловай прачакаў сваёй судовай справы. Машара.

прачарці́ць, ‑чарчу, ‑чэрціш, ‑чэрціць; зак., што.

1. Правесці лінію, робячы які‑н. чарцёж, малюнак. Прачарціць маршрут на карце.

2. і без дап. Чарціць некаторы час. Прачарціць увесь вечар.

прачаса́ны 1 і прачэ́саны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прачасаць ​1.

прачаса́ны 2 і прачэ́саны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прачасаць ​2.