Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

працэду́ра, ‑ы, ж.

1. Афіцыйны парадак дзеянняў для ажыццяўлення ці выканання чаго‑н. Працэдура галасавання. Працэдура падпісання дагавору. Судовая працэдура. // Ход, паслядоўнасць дзеянняў у якой‑н. справе. Працэдура апазнавання скончылася; каго ніхто не апазнаў, пагналі назад у барак. Сабаленка.

2. Лячэбнае мерапрыемства, прапісанае ўрачом (ванны, масаж і пад.). Хадзіць на працэдуры. Лячэбныя працэдуры. □ Звычайна шустрая, як вавёрка, Віра захварэла, штодня яе возяць на водныя працэдуры. Навуменка.

[Ад лац. procedere — рухацца наперад.]

працэду́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да працэдуры (у 1 знач.); звязаны з афіцыйнай працэдурай чаго‑н. Працэдурныя пытанні. Працэдурныя правілы. Працэдурная камісія.

2. Які мае адносіны да працэдуры (у 2 знач.); прызначаны для выканання працэдур. Працэдурны кабінет. Працэдурная сястра. // у знач. наз. працэду́рная, ‑ай, ж. Кабінет, у якім робяцца працэдуры (у 2 знач.). У той вечар яны доўга раіліся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевіч, Раіса Сяргееўна, Вася Адзінец і яшчэ тры ці чатыры незнаёмыя мужчыны. Шамякін.

працэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Сотая доля ліку, які прымаецца за цэлае, за адзінку (абазначаецца знакам %). // Колькасць, якая вымяраецца ў сотых долях чаго‑н., прынятага за адзінку. Выканаць план на сто пяць працэнтаў.

2. Даход, які атрымліваецца на кожныя сто рублёў (ці сто іншых грашовых адзінак) капіталу. Працэнт прыбыткаў.

3. Плата, якая атрымліваецца крэдыторам ад даўжніка за карыстанне пазычанымі грашамі. З гэтага гоману выплыў Рыгораў жарт, пасланы да гаспадыні: — Папрашу ваш доўг з працэнтам. Гартны.

4. Узнагарода, якая вылічваецца ў залежнасці ад абароту, даходу. Сам Стась атрымлівае ўсяго тры рублі ў месяц ды невялікі працэнт ад продажу газет, але ён любіць беларускую газету, спачувае і спрыяе ёй, як можа. Колас.

•••

На (усе) сто працэнтаў — поўнасцю.

[Ад лац. pro centum — за сто.]

працэнтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.

Спец. Вылічыць (вылічваць) працэнты.

працэ́нтавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і працэнтны.

працэнтама́нія, ‑і, ж.

Разм. неадабр. Клопат пра знешнія (у працэнтах) паказчыкі выканання плана, паспяховасці вучняў і пад.

працэ́нтны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да працэнта; выражаны ў працэнтах. Працэнтная норма. Працэнтнае вылічэнне.

2. Які прыносіць працэнты (у 2 знач.). Працэнтныя грошы.

працэнто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Разм. Налічэнне аплаты за працу натурай або грашамі ў памеры некалькіх працэнтаў ад зробленага. — За бульбу працэнтоўку даюць. З дзесяці пудоў — пуд. Навуменка.

працэ́нтшчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто пазычае грошы пад працэнты; ліхвяр.

працэ́нтшчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да працэнтшчык.