Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

клю́чыкі, ‑аў.

Тое, што і першацвет.

ключы́ца, ‑ы, ж.

Парная трубчастая косць плечавога пояса чалавека і хрыбетных жывёл, якая злучае лапатку з грудзінай.

ключы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ключніцы. Ключычныя ўпадзіны.

клю́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Палка з загнутым канцом для гульні ў хакей. Хакейная клюшка.

клю́шня, ‑і, ж.

Канечная частка ножкі рака і ракападобных, якая нагадвае клешчы і служыць для хапання. А ракі як мага задзіраюць клюшні ўгору, стараюцца ўхапіць сваімі абцугамі за палец. Ваданосаў.

клява́ць, клюю, клюеш, клюе; клюём, клюяце; незак.

1. што. Есці, хапаючы, адшчыпваючы ежу дзюбай (пра птушак). Куры клююць зерне. □ Тут крычаць вераб’і і клююць крапіву. Купала.

2. каго-што. Біць, удараць дзюбай; дзяўбці. Певень клюе ката. □ А чайкі смялелі ў змаганні, Плявалі яго [каршуна], дабівалі. Бялевіч. // перан. Даймаць, дапякаць, крыўдзіць. — Добры ты сябра Васілю Міхайлавічу аднак. Яго і без цябе клюе кіраўніцтва. Шыцік.

3. Хапаць прынаду, насадку на вудачцы (пра рыбу). Акуні клююць слаба: відаць, не галодныя. Якімовіч.

4. безас. Разм. Ідзе на лад; атрымліваецца, ўдаецца. — Вось бачыш, адразу клюе, — сказаў дзядзька Пятрусь да Адася. — Пабегла [старая] па кілбасы, да якіх я ласы. Дамашэвіч.

5. перан. Разм. Мнагакратна ўдараць чым‑н. вострым; дзяўбаць, цюкаць. Кляваць тапаром бервяно. // Доўга і настойліва біць з гармат у адно месца. Настала ноч, а гэты мінамёт усё кляваў і кляваў у адно і тое ж месца. Кулакоўскі.

•••

Кляваць (дзюбаць) носам — драмаць то апускаючы, то ўзнімаючы галаву.

Куры не клююць гл. курыца.

кляве́ц, кляўца, м.

Малаток для насякання млынавых камянёў, для кляпання кос. На надворках, па падстрэшшу, у сенцах скакалі заўзята кляўцы па бабках, адцягваючы вострыя языкі кос. Крапіва.

кляёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Тое, што і цырата. Я нарабіла ўсё хутка: вымыла і склала посуд, заслала скрыню кляёнкай. Савіцкі.

кляйме́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. кляйміць. Кляйменне гавару. Кляйменне лесу.

кляймёны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад кляйміць.

2. у знач. прым. З кляймом. Кляймёны тавар.