Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гусля́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гусляў. Гуслярны звон.

гусляро́ў, ‑рова.

Які належыць гусляру. Гусляроў спеў. Гусляровы словы.

гусля́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гусляра, належыць яму. Гуслярская песня.

гу́снуць, гусне; незак.

Разм. Тое, што і гусцець (у 2 знач.); згусаць. Цеста гусне.

густ, ‑у, М ‑сце, м.

1. Адчуванне, разуменне прыгожага; здольнасць даваць эстэтычную ацэнку. Выхоўваць мастацкі густ. □ Сярод дзяўчат вылучалася Марыя, тонкая, стройная, з густам адзетая. Гурскі. Цесны кантакт з Міхасём Лыньковым, яго парады дапамагала Хвядосу Шынклеру выпрацоўваць літаратурны густ. Арабей.

2. Схільнасць, любоў да чаго‑н. Не зважаючы на розныя густы і характары, хлопцы шчыра сябравалі з самага малку. Якімовіч.

3. Манера, стыль. Прыбраць у хаце на свой густ.

•••

Па густу; пад густ каму (у знач. вык.) — падабацца, па душы.

гу́ста,

1. Прысл. да густы.

2. безас. у знач. вык. Вельмі многа, поўна, у дастатку. — Ну, гэта не заўсёды так бывае, — запярэчыў Саўка, — калі пуста, а калі і густа. Колас. // (з адмоўем: не густа). Вельмі мала. Камуністаў у раёне было не дужа густа, і амаль усе яны стаялі на адказных работах. Сабаленка.

густа...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «густы», напрыклад: густавалосы, густацёрты, густашэрсны.

густавало́сы, ‑ая, ‑ае.

З густымі валасамі. [Перад Асвяцімскім] стаялі дзве Волькі, такія самыя — маладыя, чарнавокія, густавалосыя. Чорны.

густава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі гусцейшы, чым трэба. Густаваты раствор.

густава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

Абл. Спрабаваць на смак. // Па смаку падыходзіць адно да другога. [Джузепе:] А дай-тка мне, Джакобе, смажаніны, Каб ведаць, як яна густуе З віном вось гэтым. Клімковіч.