агрэ́сар, ‑а, м.
Той, хто нападае, ажыццяўляе агрэсію; захопнік. Імперыялістычны агрэсар. Патэнцыяльны агрэсар.
агрэсі́ўнасць, ‑і, ж.
Імкненне да развязвання грабежніцкай імперыялістычнай вайны; захопніцкая палітыка. // Актыўнае праяўленне варожасці. Бяссілле і перапалох пастуха прыспешваюць звера, прыдаюць яму агрэсіўнасць і рашучасць. Масарэнка.
агрэсі́ўны, ‑ая, ‑ае.
Захопніцкі. Агрэсіўная акцыя, палітыка, Агрэсіўны блок. Агрэсіўныя сілы. // Варожы, наступальны. Агрэсіўны тон. Агрэсіўныя дзеянні.
агрэ́сія, ‑і, ж.
Узброены напад адной краіны на другую з мэтай захопу чужой тэрыторыі, заняволення народаў, эканамічнага ці палітычнага падпарадкавання. Ваенная, імперыялістычная, узброеная агрэсія. □ На зброю агрэсіі — атамны гром.. Навекі сваю забарону кладзём. Танк.
[Лац. aggressio — прыступ, напад.]
агрэ́ст, ‑у, М ‑сце, м., зб.
1. Кустовая садова-ягадная расліна сямейства агрэставых. Ад шашы дом аддзяляўся садам з чатырох яблынь і кустамі агрэсту і парэчак. Маўр.
2. Кісла-салодкія ягады гэтай расліны.
агрэ́ставы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да агрэсту, з’яўляецца агрэстам. Агрэставы куст. // Прыгатаваны з агрэсту, з агрэстам. Агрэставае варэнне.
2. у знач. наз. агрэ́ставыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якога адносяцца агрэст, парэчкі і інш.
агрэ́х, ‑а, м.
1. Дрэнна ўзараная, прапушчаная пры ворыве лапіна на полі. Вунь на жытнёвым масіве відаць незасеяныя ўвосень палоскі-агрэхі, парослыя пырнікам і лебядой. Хадкевіч. У ворыве агрэхі — у кішэні прарэхі. Прыказка.
2. перан. Усякія недаробкі, недагляды. Моўныя агрэхі. Агрэхі ў працы.
агрэ́ць, агрэю, агрэеш, агрэе; зак., каго-што.
Разм. Моцна ўдарыць; выцяць. Агрэць палкай каго-небудзь.
агу́, выкл.
1. Узаемнае акліканне з мэтай знайсці або не згубіць адзін аднаго. Рыгор яшчэ раз махнуў капелюшом, крыкнуў: агу! і яны [Рыгор і Зося] сышлі са сценкі... Гартны.
2. Зварот да малога дзіцяці з мэтай забавіць яго. — Агу, агу!.. Разумны ж які!.. Мележ.
агу́зак, ‑зка, м.
1. Сцягновая частка мясной тушы.
2. Скура з задняй часткі жывёліны.
3. Тое, што і камель.