Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праху́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Хукаючы, ачысціць ад снегу, лёду (звычайна пра шыбу). Салдат Сідараў прахукаў на шыбе праталіну і зірнуў на двор. Хомчанка.

праху́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прахукаць.

пра́ца, ‑ы, ж.

1. Працэс уздзеяння чалавека на прыроду; чалавечая дзейнасць, накіраваная на стварэнне матэрыяльных і культурных каштоўнасцей. Фізічная праца. Наёмная праца. Прадукцыйнасць працы. Прылады працы. □ Мірная праца і радасць шчаслівага сямейнага жыцця — вось яе светлы сённяшні дзень. Брыль.

2. Работа, якая патрабуе затраты фізічнай ці разумовай энергіі. Гануля была ў бацькоў адной дачкою і, яшчэ будучы дзіцём, дапамагала маці ў цяжкай сялянскай працы. Гурскі.

3. Вынік творчай, разумовай дзейнасці; твор. Друкаваная праца. Матэматычная праца. Лінгвістычная праца. // толькі мн. (пра́цы, прац). Назва навуковых часопісаў, зборнікаў. Працы Інстытута Мовазнаўства Акадэміі навук БССР.

4. Тое, што і работа (у 4 знач.). Хадзіць на працу.

•••

Біржа працы гл. біржа.

Герой Сацыялістычнай Працы гл. герой.

Інспекцыя працы гл. інспекцыя.

Сізіфава праца — цяжкая да знясілення марная праца (ад імя міфічнага цара Сізіфа, прыгаворанага багамі вечна каціць на гару камень, які, дасягнуўшы вяршыні, падаў назад).

працава́цца, ‑цуецца; безас. незак.

Ладзіцца, ісці спарней (пра работу). [Пятрусь:] — Працуецца — лепш не трэба. Як пайшоў з восені, дык і да гэтага часу раблю, а нядаўна дзесятнікам прызначылі. Сіўцоў. Працавалася Андрэю сёння лепш, чым калі-небудзь раней. Шахавец.

працава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак.

1. Займацца якой‑н. працай. Працаваць у полі. Працаваць здзельна. □ Сапраўдны работнік будзе шчыра працаваць на любым месцы. Шахавец. Спачатку работа не ладзілася — проста не было ахвоты працаваць. Колас. // Быць занятым дзе‑н. працай, мець дзе‑н. які‑н. занятак, знаходзіцца дзе‑н. на службе. Працаваць на заводзе. Працаваць у школе. Працаваць у калгасе. □ Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара — на шкляной гуце. Маўр. // кім. Знаходзіцца на якой‑н. пасадзе, выконваць абавязкі каго‑н. Працаваць настаўніцай. Працаваць бухгалтарам. Працаваць слесарам. □ Дзед Мікалай працаваў вартаўніком на птушкагадоўчай ферме. Даніленка. Ірына працуе прычэпшчыцай ужо другі месяц. Шахавец.

2. над чым. Працуючы, ствараць, удасканальваць ці вывучаць што‑н. Працаваць над дысертацыяй. Працаваць над спектаклем. Працаваць над карцінай. // з кім. Сістэматычна навучаць, выхоўваць каго‑н. Працаваць з дзецьмі. Працаваць з кадрамі.

3. на каго-што. Займацца якой‑н. працай, забяспечваючы ці абслугоўваючы каго‑н. Працаваць на сябе. □ — Вы будзеце на нас працаваць. Ды яшчэ якую вялікую карысць прыносіць савецкім людзям! Новікаў. «Калі б табе, сонейка, прыйшлося працаваць на пана, ты не стаяла б так доўга над лесам, — зайшло б хутчэй...» Брыль. // перан. Дзейнічаць на карысць каго‑н., дзеля чыіх‑н. інтарэсаў. — Час вайны адцягнуты, а час працуе на нас. Гурскі.

4. чым. Прыводзіць што‑н. у дзеянне, кіраваць, дзейнічаць (інструментам, прыладай). Працаваць лапатай. Працаваць малатком. □ Цётка .. энергічна працавала нажніцамі, рыхтуючы бінты. Самуйлёнак. Мужчыны, жанчыны і падлеткі працуюць граблямі. Бядуля. // Энергічна рухаць чым‑н. (якой‑н. часткай цела). Летам, бывала, ляжа Пеця на спіну, рукі раскіне і ляжыць сабе, не кратаецца. А цяпер, як ні стараецца, як ні працуе і рукамі і нагамі, а галаву ледзьве трымае па паверхні. Ваданосаў. Узлятае дружны смех, гучна працуюць далоні. Лужанін. // з чым. У працэсе працы карыстацца чым‑н. (інструментам, дапаможнікам і пад.). Працаваць з мікраскопам. Працаваць са слоўнікам.

5. Знаходзіцца ў дзеянні, дзейнічаць (пра механізмы, агрэгаты і пад.). Увесь дзень бесперабойна працаваў камбайн. Гурскі. Гул бою чуўся выразна з таго боку, дзе зайшло сонца. І там працавала артылерыя. Чорны. // Дзейнічаць, выконваць свае функцыі (пра органы цела). Страўнік не працуе. Сэрца працуе добра. / Пра думкі, уяўленні і пад. Думка прафесара працавала акрэслена, ясна. Кавалёў. // Быць у дзеянні (аб прадметах, установах); быць адкрытым (для наведвальнікаў, пакупнікоў і пад.). Завод працуе ў дзве змены. Бібліятэка працуе без выхадных дзён.

•••

Працаваць над сабой — удасканальваць сябе ў чым‑н.

працаві́к, ‑а, м.

Разм. Той, хто многа працуе, працалюбівы чалавек. Дзе-ж гэта відана, каб .. чалавек сталы, працавік, руплівы гаспадар, раптам кінуў свой дом, сваю сям’ю, увесь набытак і павалокся ў свет? Колас. — Я працавік, нікому кепскага не рабіў, я пот ліў. Чорны. Дах над галавою і цяпло ў хаце кожнаму патрэбны. А хто робіць гэта? Нага брат працавік: цясляр і муляр. Пальчэўскі.

працаві́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць працавітага; любоў, шчырасць да працы. Стаялі добрыя жніўныя дні, багатыя працавітасцю людзей. Кавалёў. Дзятла дзед вельмі паважаў за яго працавітасць. П. Ткачоў.

працаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Які многа, ахвотна, шчыра працуе. Ганна, маці Лабановіча, была жанчына добрая, працавітая, руплівая, усё старалася зрабіць сама, за ўсіх заступалася. Колас. Спадабалася і сама гаспадыня, гэткая працавітая калгасніца, дзябёлая, дужая. Шамякін.

працадзе́нь, ‑дня, м.

Адзінка ўліку працы ў калгасах, якая вызначала долю калгасніка ў даходах. Насыпаем сваё збожжа, Ганарымся працаднямі... Хутка вернецца машына І ў наступны пойдзе рэйс. Броўка. У банку на калгасным рахунку з’явіліся першыя зберажэнні, павялічыўся працадзень, і ў калгаснікаў памацнела ўпэўненасць: працуй як след, твая праца не прападзе! Карпюк.

працадзі́ць, ‑цаджу, ‑цэдзіш, ‑цэдзіць; зак., што.

1. Прапусціць (вадкасць) праз што‑н. для ачысткі. Працадзіць малако праз цадзілку. Працадзіць булён.

2. перан. Вымавіць павольна, неразборліва, не разнімаючы зубоў. — Цікава было б зірнуць на гэты лясок... — скрозь зубы працадзіў Лявон Свірыдавіч. Корбан. — Так, так, бачу, і ты, стары, жартаваць ўмееш, — працадзіў, ухмыляючыся, князь. Прокша.