працаваць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак.

1. Займацца якой‑н. працай. Працаваць у полі. Працаваць здзельна. ▪ Сапраўдны работнік будзе шчыра працаваць на любым месцы. Шахавец. Спачатку работа не ладзілася — проста не было ахвоты працаваць. Колас. // Быць занятым дзе‑н. працай, мець дзе‑н. які‑н. занятак, знаходзіцца дзе‑н. на службе. Працаваць на заводзе. Працаваць у школе. Працаваць у калгасе. ▪ Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара — на шкляной гуце. Маўр. // кім. Знаходзіцца на якой‑н. пасадзе, выконваць абавязкі каго‑н. Працаваць настаўніцай. Працаваць бухгалтарам. Працаваць слесарам. ▪ Дзед Мікалай працаваў вартаўніком на птушкагадоўчай ферме. Даніленка. Ірына працуе прычэпшчыцай ужо другі месяц. Шахавец.

2. над чым. Працуючы, ствараць, удасканальваць ці вывучаць што‑н. Працаваць над дысертацыяй. Працаваць над спектаклем. Працаваць над карцінай. // з кім. Сістэматычна навучаць, выхоўваць каго‑н. Працаваць з дзецьмі. Працаваць з кадрамі.

3. на каго-што. Займацца якой‑н. працай, забяспечваючы ці абслугоўваючы каго‑н. Працаваць на сябе. ▪ — Вы будзеце на нас працаваць. Ды яшчэ якую вялікую карысць прыносіць савецкім людзям! Новікаў. «Калі б табе, сонейка, прыйшлося працаваць на пана, ты не стаяла б так доўга над лесам, — зайшло б хутчэй...» Брыль. // перан. Дзейнічаць на карысць каго‑н., дзеля чыіх‑н. інтарэсаў. — Час вайны адцягнуты, а час працуе на нас. Гурскі.

4. чым. Прыводзіць што‑н. у дзеянне, кіраваць, дзейнічаць (інструментам, прыладай). Працаваць лапатай. Працаваць малатком. ▪ Цётка .. энергічна працавала нажніцамі, рыхтуючы бінты. Самуйлёнак. Мужчыны, жанчыны і падлеткі працуюць граблямі. Бядуля. // Энергічна рухаць чым‑н. (якой‑н. часткай цела). Летам, бывала, ляжа Пеця на спіну, рукі раскіне і ляжыць сабе, не кратаецца. А цяпер, як ні стараецца, як ні працуе і рукамі і нагамі, а галаву ледзьве трымае па паверхні. Ваданосаў. Узлятае дружны смех, гучна працуюць далоні. Лужанін. // з чым. У працэсе працы карыстацца чым‑н. (інструментам, дапаможнікам і пад.). Працаваць з мікраскопам. Працаваць са слоўнікам.

5. Знаходзіцца ў дзеянні, дзейнічаць (пра механізмы, агрэгаты і пад.). Увесь дзень бесперабойна працаваў камбайн. Гурскі. Гул бою чуўся выразна з таго боку, дзе зайшло сонца. І там працавала артылерыя. Чорны. // Дзейнічаць, выконваць свае функцыі (пра органы цела). Страўнік не працуе. Сэрца працуе добра. / Пра думкі, уяўленні і пад. Думка прафесара працавала акрэслена, ясна. Кавалёў. // Быць у дзеянні (аб прадметах, установах); быць адкрытым (для наведвальнікаў, пакупнікоў і пад.). Завод працуе ў дзве змены. Бібліятэка працуе без выхадных дзён.

•••

Працаваць над сабой — удасканальваць сябе ў чым‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)