пра́ўлены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад правіць.
2. у знач. прым. Які быў у рамонце. Праўленыя боты.
3. у знач. прым. З папраўкамі, выпраўлены (пра тэкст, рукапіс і пад.). Праўлены экземпляр рукапісу.
пра́ўнук, ‑а, м.
1. Сын унука ці ўнучкі. [Бобрык:] — Я яшчэ дужы, хоць ужо семдзесят шосты закругляецца і ўнукаў дзесяткі з два маю, і праўнукаў больш за дзесятак, але за спіны іхнія хавацца не стану. Дуброўскі.
2. звычайна мн. (пра́ўнукі, ‑аў). Патомкі. — Дык от цяпер і ты і твае дзеці, а за імі — унукі з праўнукамі будуць ведаць, хто такі быў Гогаль. Пальчэўскі. Продка адвечную думу Праўнук санлівы пачуе. Купала.
пра́ўнучка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Дачка ўнука ці ўнучкі.
праўцо́м, прысл.
Абл. У стаячым, вертыкальным становішчы. Асабліва вельмі добрая была каша: паставіш у яе лыжку праўцом — стаіць, паставіш лыжку пад вуглом дзесяць градусаў — стаіць таксама. Карпаў.
пра́ўшчык, ‑а, м.
Той, хто займаецца праўкай, выпраўленнем чаго‑н. Розначытанні як вынік ранняй лексікаграфічнай дзейнасці старажытных праўшчыкаў шырока прыведзены на палях многіх заходнерускіх помнікаў XVI–XVII стст. Суднік.
праф...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: 1) слову «прафесіянальны», напрыклад: прафгігіена, прафхваробы; 2) слову «прафсаюзны», напрыклад: прафактыў, прафбілет.
прафа́н, ‑а, м.
Недасведчаны ў якой‑н. галіне чалавек. Ахтан сапраўды разгубіўся. Ліхаманкава думаў, што прапанаваць начальніку, каб пераканаць, што ён і ў гэтай галіне не прафан. Алешка.
[Ад лац. profanus — неазнаёмлены.]
прафанава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прафанаваць.