Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праўдзі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць праўдзівага; схільнасць гаварыць, выказваць праўду. З глыбокай праўдзівасцю малюе Янка Купала перспектыву беспрасветнага жыцця працоўнага чалавека пры капіталізме. Івашын. Праўдзівасць чалавечага характару ў рэалістычным мастацтве дапаўняецца і праўдзівай характарыстыкай грамадскага жыцця. Конан.

праўдзі́вей,

1. Выш. ст. да прым. праўдзівы.

2. у знач. пабочн. Дакладней, правільней. — Ведаю я, што ты страціў, праўдзівей, каго страціў: Ядвісю, — пажартаваў Турсевіч, уважна зірнуўшы на прыяцеля. Колас.

праўдзі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць праўду, схільны гаварыць праўду. Семіпалаў аказаўся сумленным і праўдзівым чалавекам. Колас. Добры, успаміналі суседзі Андрэя, чалавек быў, праўдзівы, разумны. Васілевіч. // Які выражае праўдзівасць як уласцівасць характару. Твар быў даўгаваты, лоб шырокі і маршчыністы, вочы шчырыя і праўдзівыя. Чарнышэвіч.

2. Які адпавядае праўдзе, заснаваны на праўдзе. Праўдзівая аповесць. □ Калгаснікі выказалі вялікую ўдзячнасць [пісьменнікам] за праўдзівы наказ іх працоўнага жыцця. Хведаровіч.

3. Разм. Сапраўдны. Якуб Цімохавіч Кубраковіч, як было яго праўдзівае імя, быў раней настаўнікам у нашай Шамаўскай воласці, так што ведалі тут усю яго нешчаслівую гісторыю. Гарэцкі.

праўдзі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Назва бальшавіка ў першыя гады выпуску газеты «Правда», цэнтральнага органа РСДРП(б) (1912–1914 гг.), а таксама сучасная назва супрацоўніка газеты «Правда», органа ЦК КПСС.

праўдзі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да праўдзіста, да газеты «Правда». Праўдзісцкая рэдакцыя. □ Здаралася, што я па некалькі разоў перачытваў праўдзісцкія артыкулы, фельетоны і нарысы. Сабаленка.

пра́ўдзіцца, ‑дзіцца; незак.

Разм. Спраўджвацца, здзяйсняцца. І каторы раз яна [думка] усё не праўдзілася. Быкаў. Людміліна сэрца абарвалася. Прадчуванне праўдзілася. Іван Іванавіч гаварыў, а ў Людмілы ў грудзях халадзела, халадзела. Арабей.

пра́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Разм. Спраўджваць, здзяйсняць. [Клім:] — Не губі каласка, ён праўдзіць, таму, хто ў яго верыць, шчасце дае. Лобан. Цэлы дзень у непакоі. Не выходзіць з думак ён. Цэлы дзень у непакоі: Можа быць і праўдзіць сон? Броўка.

пра́ўка, ‑і, ДМ пра́ўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. правіць.

2. Р мн. пра́вак. Выпраўленая памылка, папраўленае месца ў тэксце; папраўка. На многіх старонках аўтарскія праўкі і ўстаўкі — гэта паэт па памяці аднавіў радкі і строфы. С. Александровіч.

праўле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. правіць (у 1 знач.).

2. Выбарны орган, які стаіць на чале якой‑н. установы, арганізацыі і пад. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас. // Пасяджэнне такога органа. На праўленні шмат у нас гаварылася пра калгасны будаўнічы стыль. Бядуля. // Памяшканне, дзе знаходзіцца такі орган. Я пайшоў у праўленне, а Шаевіч са злосці паплёўся недзе ў сад. Сабаленка. Дзямід Мікалавеіч выйшаў з праўлення на вуліцу. Паслядовіч.

3. Назва некаторых адміністрацыйна-паліцэйскіх устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама памяшканне, у якім знаходзілася такая ўстанова. Валасное праўленне.

праўле́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да праўлення (у 2 знач.). Праўленскі работнік.