пратэ́са, ‑ы, ж.
Тое, што і харугва. Паперадзе мужчыны неслі тры пратэсы, за імі следам ішоў поп у пазалочанай рызе. Сабаленка.
пратэ́ст, ‑у, М ‑сце, м.
1. Рашучае пярэчанне супраць чаго‑н., заява аб нязгодзе з чым‑н., аб нежаданні чаго‑н. Сваім удзелам у жалобным шэсці людзі дэманстравалі пратэст супраць паліцэйскага гвалту. У. Калеснік. Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка. Шамякін. Слухаючы разважанні старога Скуратовіча, Кандрат Назарэўскі не можа скрыць свайго абурэння і пратэсту. Барсток.
2. Афіцыйнае выказванне нязгоды з якім‑н. рашэннем, пастановай. Пратэст пракурора. // Спец. Афіцыйнае пацвярджэнне факта нявыплаты ў тэрмін па вэксалі, якое дае трымальніку апратэставанага вэксаля перавагі пры сыскванні доўгу. // Спец. Афіцыйная заява капітана марскога судна, якая пратакаліруе факт аварый судна або псавання грузу. Марскі пратэст.
[Ад лац. protestor — публічна даказваю.]
пратэстава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пратэставаць (у 2 знач.).
пратэстава́цца, ‑туецца; незак.
Зал. да пратэставаць (у 2 знач.).
пратэстава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.
1. незак. Пярэчыць; заяўляць пратэст. Пратэставаць супраць гонкі ўзбраенняў. □ Дзед пратэстуе, напірае на тое, што трэба забраць дзяцей і вярнуцца сюды. Колас.
2. зак. і незак., што. Спец. Зрабіць (рабіць) пратэст вэксаля.
пратэста́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Паслядоўнік пратэстантызму.
2. Кніжн. Той, хто пратэстуе супраць чаго‑н.
[Ад лац. protestans, protestantis — той, хто публічна даказвае.]
пратэста́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да пратэстант.
пратэстанты́зм, ‑у, м.
Агульная назва розных хрысціянскіх веравучэнняў, якія ўзніклі ў сувязі з рэфармацыяй 16 ст. як пратэст супраць каталіцызму.
пратэста́нцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пратэстанта (у 1 знач.), да пратэстантызму. Пратэстанцкая царква.
пратэста́нцтва, ‑а, н.
Тое, што і пратэстантызм.