Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ры́тміка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

1. Сістэма і характар рытму. Рытміка верша вар’іруецца надзвычай лёгка і натуральна, яна дапасавана да агульнай апавядальнай танальнасці твора. Гіст. бел. сав. літ.

2. Вучэнне аб рытме (у вершах, музыцы, танцах і пад.).

3. Сістэма фізічных практыкаванняў пад музыку, якая мае мэту развіваць пачуццё рытму. Урок рытмікі.

[Ад грэч. rhithmikós — суразмерны, стройны.]

рытмі́чнасць, ‑і, ж.

Наяўнасць рытму ў чым‑н. Рытмічнасць фразы. Рытмічнасць мовы.

рытмі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Падпарадкаваны рытму, які адбываецца ў пэўным рытме; раўнамерны. Рытмічныя рухі. □ Уключылі маторы, майстэрня напоўнілася зладжаным рытмічным шумам. Даніленка.

2. Які мае адносіны да рытмікі (у 3 знач.). Рытмічныя практыкаванні. Рытмічныя рухі. Рытмічная музыка.

рыто́рыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

Старажытная навука пра аратарскае мастацтва, красамоўства. Выкладанне рыторыкі. // перан. Залішняя прыўзнятасць выказвання, напышлівасць, эфектнасць. Шмат у паэме [А. Александровіча «Цені на сонцы»] голай рыторыкі, якая гучыць не зусім пераканаўча. Хведаровіч.

[Грэч. rhētorikē.]

рытуа́л, ‑у, м.

1. Сукупнасць абрадаў, якія суправаджаюць рэлігійны акт.

2. Выпрацаваны звычаем ці ўстаноўлены парадак выканання чаго‑н.; цырыманіял. Гэта была дзівосная пагулянка. Нават з захаваннем марскога рытуалу: без закускі, так, як заведзена гэта, кажуць, у маракоў, мы выпілі па чарцы каньяку і заспявалі песню ... Скрыган. Скончылася гэта зусім нечакана. Рытуал патрабаваў, каб закаханы наведаў тыя месцы, дзе ён бываў шчаслівы. Караткевіч.

[Ад лац. ritualis — абрадавы.]

рытуа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рытуалу; звязаны з выкананнем рытуалу. Рытуальнае адзенне. Рытуальнае забойства. □ Відаць, у глыбокай старажытнасці моманту запальвання купальскага агню надавалася асабліва важнае рытуальнае значэнне. Ліс.

рытурнэ́ль, ‑я, м.

Частка акампанементу, якая паўтараецца ў пачатку і ў канцы кожнай страфы песні, раманса, опернай арыі і пад. // Невялікі музычны ўступ перад пачаткам танца.

[Іт. ritornello.]

рыф 1, ‑а, м.

Падводнае ці надводнае ўзвышэнне марскога дна, небяспечнае для суднаходства. У трумы хлынула вада імкліва, І далей карабель плысці не змог. Пад хвалямі затоены, маўкліва сваю ахвяру Рыф сцярог... Валасевіч.

[Ням. Riff.]

рыф 2, ‑а, м.

Папярочны рад прадзетых праз парус вяровак, пры дапамозе якіх можна паменшыць плошчу паруса.

[Гал. reef, rif.]

ры́фавы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рыфа ​1. Рыфавыя адкладанні.

ры́фавы 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рыфа ​2. Рыфавы вузел.

ры́фіць, ‑флю, ‑фіш, ‑фіць; незак., што.

Памяншаць плошчу паруса пры дапамозе рыфаў ​2. Рыфіць парус.