Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прывіле́я, ‑і, ж.

Выключнае права, якім карыстаецца хто‑н. у адрозненне ад іншых. Дэлегацкія прывілеі. Саслоўныя прывілеі. □ Раз у год Лукаш меў адну прывілею: у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла ён мог рабіць усё, што захоча. Колас. Зусь расказаў мне, што тады, калі ў Рагазіне арганізаваўся калгас, Леўка, каб мець прывілеі, прыкінуўся інвалідам. Сабаленка.

[Лац. privilegium.]

прывілеява́насць, ‑і, ж.

Стан прывілеяванага.

прывілеява́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае прывілеі, карыстаецца імі. Наведвальнікаў .. [у аптэцы] было мала, бо ёю карысталіся пераважна прывілеяваныя кліенты — работнікі ўправы, паліцыі і іншых акупацыйных устаноў. Няхай. // Які дае некаторыя прывілеі. Прывілеяванае становішча. □ Адна ў адным была Вера паслядоўнай — не служыць фашыстам сваёй прафесіяй, не працаваць на якой-небудзь прывілеяванай рабоце добраахвотна. Мікуліч.

прывіта́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прывітання, звязаны з прывітаннем. // Які з’яўляецца прывітаннем, змяшчае ў сабе прывітанне. Прывітальная прамова. Прывітальны адрас. Прывітальная тэлеграма. □ [Алеся] ловіць мой позірк і прывітальны жэст рукі і з непаўторным хараством ківае галавой — вітаецца. Брыль.

прывіта́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывітаць.

2. Словы, рух, жэст, звернутыя да каго‑н. пры сустрэчы, як знак добразычлівасці, дружалюбнасці. — Дзень добры, рабяты! — Вучні дружна адказалі на прывітанне. Гамолка. Пасля першых прывітанняў абодва знайшлі агульную тэму. Васілевіч. Паперадзе Ігнат Струміла — кіўком галавы абменьваецца прывітаннем. Гартны. // Разм. Зварот да блізкага знаёмага пры сустрэчы. — Прывітанне, Анёлак! — засмяяўся Кастусь, успомніўшы ўчарашняе. Ваданосаў. — А-а, масквічкі! Ну, прывітанне, прывітанне! Рады вас бачыць на беларускай зямлі. Шчарбатаў.

3. Вусны або пісьмовы зварот да каго‑н., у якім выказваецца адабрэнне, добразычлівасць, пахвала. Прывітанне юбіляру. Прывітанне з’езду камсамола. □ Ка мне ў госці з прывітаннем шчырым І з песнямі калгаснікі прыйшлі. Купала. [Паўтарак:] Я перадам гэта пісьмо і ваша гарачае прывітанне будаўнікам Волга-Дона. Крапіва.

4. Сяброўскае пажаданне каму‑н. ад каго‑н. [Камандзір] перадаў мне прывітанне ад сяброў і знаёмых. Краўчанка. Ляці, мая песня, як сокал крылаты, Нясі прывітанне заходняму брату. А. Александровіч.

•••

З (камуністычным, сяброўскім і г. д.) прывітаннем — заключная форма ліста да каго‑н.

прывіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Звярнуцца з прывітаннем пры сустрэчы з кім‑н.; паздароўкацца. Стуку дзвярэй ніхто з іх не пачуў, і ўсе здзіўлена азірнуліся, калі Паходня падышоў да стала і прывітаўся. Хадкевіч. — Дзень добры, Павел Сяргеевіч, — прывітаўся.. [Сярожа] і працягнуў Паўлу чорную руку. — Ну як вам падабаецца ў нас?Шахавец.

прывіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Выказаць прывітанне пры сустрэчы (словамі, жэстам і пад.) — Добры вечар вам, — прывітаў хату Пракоп і засмяяўся. Колас. Убачыўшы лейтэнанта, абодва [салдаты] .. выструніліся і прывіталі яго. Мележ. Цімка .. прывітаў Раю паднятай рукой. Карпаў.

2. Звярнуцца да каго‑н. з прамовай, словамі прывітання (звычайна з прычыны якой‑н. радаснай падзеі). Прывітаць дэлегатаў з’езда. □ Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна, рады. Прывітаў з дажынкамі дзяўчат... Смагаровіч.

прыві́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прывіць.

прыві́цца, прыўецца; пр. прывіўся, ‑вілася, ‑лося; зак.

Замацавацца, укараніцца, стаць звычайным. Ні класіцызм, ні рамантызм, ні сентыменталізм як творчыя метады не прывіліся ў беларускай літаратуры. «Полымя». Вось недзе ў часе вандровак і прывілося роду Абрама прозвішча Плотка. Пестрак.

прывіццё, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прывіваць — прывіць.