Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

агрубе́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць агрубелага.

агрубе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў шорсткім, цвёрдым, шурпатым (пра скуру, паверхню чаго‑н.). Агрубелая скура. □ Туга сцягнуты шнурок не паддаваўся агрубелым пальцам. Лынькоў. // Які стаў больш грубым, нізкім (пра голас). // перан. Які страціў вастрыню, сілу. Агрубелы слых. Агрубелы нюх.

2. Які стаў вонкава нязграбны, страціў мяккасць, тонкасць (пра аблічча, выгляд). Праз люстэрка мне добра відзён яго [Сцяпана Рыгоравіча] твар — са складкамі маршчын, крыху агрубелы, напэўна, ад марозу. Кірэйчык. // Які страціў душэўную далікатнасць, стаў менш чулым, чэрствым. Агрубелая натура. Агрубелы чалавек.

агрубе́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. агрубець.

агрубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць шорсткім, цвёрдым, шурпатым (пра скуру, паверхню чаго‑н.). Бачыць.. [Дуню] хацелася інакшай: не ў гэтым каляным брызенце — камбінезоне, не з рукамі, што, безумоўна, агрубеюць.., а заўсёды светлай, прыгожай. Хадкевіч. // Стаць больш грубым, нізкім (пра голас). // перан. Страціць вастрыню, сілу. Слых ад кананады агрубеў, Сонца задыхаецца ад дыму. Панчанка.

2. Стаць вонкава нязграбным, страціць мяккасць, тонкасць (пра аблічча, выгляд). // Страціць душэўную далікатнасць, стаць менш чулым, чэрствым. За гэту страшную пару незлічоных людскіх пакут Глечык ужо агрубеў нутром. Быкаў.

агрубі́ць, агрублю, агрубіш, агрубіць; зак., што.

Зрабіць грубейшым, пазбавіць тонкасці. Многія не паспелі Закончыць дзесяты клас. Сонца, сівер і слота Твары ім агрубілі. Бураўкін. // Спрасціць; падаць што‑н. у занадта абагуленым, прымітыўным выглядзе.

агрубле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. агрубляць — агрубіць.

агрубля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да агрубляць.

агрубля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да агрубіць.

агры́зак, ‑зка, м.

Абгрызены кавалак, недаедзеная частка чаго‑н. Агрызак яблыка. □ На стале і пад сталом валяліся крошкі, агрызкі селядцоў, скарынкі хлеба і коркі ад бутэлек. Колас. // Рэшта якога‑н. прадмета, малапрыдатная для ужывання. Агрызак алоўка. // перан. Зневаж. Пра чалавека і інш., якімі пагарджаюць, якія не заслугоўваюць павагі. [Анікей:] — Мы, рабочыя, прымусім гэты агрызак з царскага стала [Дзяржаўную думу] яшчэ не так заварушыцца. Гартны.

агрыза́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да агрызнуцца.