Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прышчамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прышчаміць.

прышчапі́цца, ‑шчэпіцца; зак.

1. Зрасціся з другой раслінай (пра чаранок, вочка).

2. Выклікаць у арганізме патрэбную рэакцыю ў выніку прышчэпкі (пра вакцыну). Воспа прышчапілася.

3. перан. Замацавацца, укараніцца, прыжыцца. У нас да газетнай і кніжнай мовы прышчапілася слова «адбіць». Чорны. Цяжкая спадчына ад праклятай мінуўшчыны прышчапілася чалавеку. Кудраўцаў.

прышчапі́ць 1, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Перасадзіць, частку жывой расліны (вочка, чаранок) на тканку другой, каб перадаць пэўныя ўласцівасці. Аднак жа ў мяне і рука такая лёгкая: бывала, што ні пасаджу, што ні прышчаплю — усё прымецца. Кулакоўскі. // Надаць расліне якія‑н. ўласцівасці шляхам перасадкі на яго часткі другой расліны. «Мы выгадуем і прышчэпім сорак тысяч дзічак», — казаў камандзір на агульным сходзе. Паслядовіч.

2. Увесці ў арганізм вакцыну, каб папярэдзіць або вылечыць якую‑н. хваробу. Прышчапіць воспу.

3. перан.; каму-чаму. Дамагчыся засваення (якой‑н. думкі, пачуцця, навыкаў і пад.). Кожны [з настаўнікаў] любіць свой прадмет, імкнецца прышчапіць гэтую любасць вучням. Дубоўка. Бацька тады пачаў як мае быць прывучаць сына да сальнай справы, думаючы ўтлумачыць сыну і на практыцы прышчапіць яму гандлярскую дыпламатыю, каб пасля ён мог павялічыць маштабы свайго фамільнага таленту. Чорны. Васіль адмахнуўся ад пустых размоў і настойліва дамагаўся аднаго: прышчапіць людзям любоў і цікавасць да вучобы. Шамякін.

прышчапі́ць 2, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Зачыніць на зашчапку; зашчапіць. [Рыгор] уварваўся ў кватэру, нават забыўшы прышчапіць дзверы, і, не распранаючыся, сеў за пісанне. Гартны.

2. Прычапіць пры дапамозе якой‑н. прышчэпкі, зашчапкі. Кірдун падышоў да Алеся і прышчапіў да яго збройнага раменьчыка кінжал і пісталет. Караткевіч.

прышчапля́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да прышчапіцца.

2. Зал. да прышчапляць ​1.

прышчапля́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прышчапіць ​1.

прышчапля́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да прышчапіць ​2.

пры́шчык, ‑а, м.

Тое, што і прышч; невялікі прышч. Гэта была дзяўчына з прыпудранымі ружовымі прышчыкамі ля рота і пафарбаванымі валасамі. Карпюк.

прышчы́пванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прышчыпваць — прышчыпнуць.

прышчы́пвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да прышчыпваць.

прышчы́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прышчыпнуць.

прышчы́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Спец. Адразанне верхавіны парастка расліны для прыпынення яго росту і ўзмацнення прытоку пажыўных рэчываў да іншых частак расліны. Прышчыпка вінаграду.