прышчапіць 1, ‑шчаплю, ‑шчэпіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Перасадзіць, частку жывой расліны (вочка, чаранок) на тканку другой, каб перадаць пэўныя ўласцівасці. Аднак жа ў мяне і рука такая лёгкая: бывала, што ні пасаджу, што ні прышчаплю — усё прымецца. Кулакоўскі. // Надаць расліне якія‑н. ўласцівасці шляхам перасадкі на яго часткі другой расліны. «Мы выгадуем і прышчэпім сорак тысяч дзічак», — казаў камандзір на агульным сходзе. Паслядовіч.

2. Увесці ў арганізм вакцыну, каб папярэдзіць або вылечыць якую‑н. хваробу. Прышчапіць воспу.

3. перан.; каму-чаму. Дамагчыся засваення (якой‑н. думкі, пачуцця, навыкаў і пад.). Кожны [з настаўнікаў] любіць свой прадмет, імкнецца прышчапіць гэтую любасць вучням. Дубоўка. Бацька тады пачаў як мае быць прывучаць сына да сальнай справы, думаючы ўтлумачыць сыну і на практыцы прышчапіць яму гандлярскую дыпламатыю, каб пасля ён мог павялічыць маштабы свайго фамільнага таленту. Чорны. Васіль адмахнуўся ад пустых размоў і настойліва дамагаўся аднаго: прышчапіць людзям любоў і цікавасць да вучобы. Шамякін.

прышчапіць 2, ‑шчаплю, ‑шчапіш, ‑шчэпіць; зак., што.

1. Зачыніць на зашчапку; зашчапіць. [Рыгор] уварваўся ў кватэру, нават забыўшы прышчапіць дзверы, і, не распранаючыся, сеў за пісанне. Гартны.

2. Прычапіць пры дапамозе якой‑н. прышчэпкі, зашчапкі. Кірдун падышоў да Алеся і прышчапіў да яго збройнага раменьчыка кінжал і пісталет. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)