Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фін,

гл. фіны.

фін...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «фінансавы», напрыклад: фінаддзел, фініяспектар.

фі́на, ‑ы, ж.

Лічынка стужачнага чарвяка.

[Ням. Finne.]

фінаге́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Фінансавы агент — агент, які займаецца фінансавымі пытаннямі. Дзядзька працаваў некаторы час фінагентам, а пасля старшынёй сельсавета. Дамашэвіч.

фінаддзе́л, ‑а, м.

Фінансавы аддзел.

фіна́л, ‑у, м.

1. Заключная частка, завяршэнне чаго‑н., канец. Шустры, не дачакаўшыся ад Саўкі фіналу апавядання, падагуліў тое, што ўстанавіла следства. Колас.

2. Заключная частка музычнага, тэатральнага або літаратурнага твора. У фінале Трэцяй сімфоніі кампазітар [Я. Цікоцкі] зноў вяртаецца да героіка-драматычных вобразаў. Дубкова. [Чайкоўскі].. на тэме гэтага танца [тарантэлы] пабудаваў фінал «Італьянскага капрычыо». «Маладосць».

3. Заключная частка спартыўных спаборніцтваў, у якой выяўляюцца пераможцы. [Вадзім:] — А наша каманда ў фінал выйшла. Праўда, здорава? Асіпенка.

[Іт. finale ад лац. finis — канец.]

фіналі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Удзельнік фіналу (у 3 знач.).

фіналі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да фіналіст.

фіна́льны, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца фіналам; заключны. Фінальная карціна «Князь-возера» .. з’яўляецца яркім доказам вызвалення ад рабства і перамогі справядлівасці. «Беларусь». У фінальных спаборніцтвах удзельнічала дваццаць хлопчыкаў ва ўзросце да пятнаццаці год. Шыцік. // Які выйшаў у фінал (у 3 знач.). Фінальная група тэнісістаў.

фінансава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фінансаваць.