сві́ран, ‑рна, м.
Халодны будынак, прызначаны для захоўвання збожжа, мукі і іншых прадуктаў, а таксама рэчаў і пад. Вакол дзядзінца, паўкругам, размяшчаліся розныя гаспадарчыя будовы — скляпы, свірны, стайня. Якімовіч. Кладзі гной густа, не будзе ў свірне пуста. Прыказка.
свіргата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.
Разм.
1. Шчабятаць. І ластаўкі, падобныя на ноты, Свіргочуць на лянівых правадах, А ты ад непасільнай адзіноты Варочайся пад непрытульны дах. Гаўрусёў.
2. Скрыгатаць. Драты звіняць, драты свіргочуць, згінае рэйкі паравоз... Дудар. Велізарны мядзведзь сам запрогся ў калёсы і ўпрыскочку ідзе, аж свіргочуць атосы. Дубоўка.
свірнавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да свірна. Інжынер П. С. Вараб’ёў прапанаваў новы спосаб сушэння збожжа і барацьбы са свірнавымі шкоднікамі. «Беларусь». // Характэрны для свірна. Свірнавы пах.
сві́рнік, ‑а, м.
Абл. Свіронак. І раптам у сваім двары.. [бацька] убачыў адчыненыя дзверы свірніка. Чорны.
свіро́нак, ‑нка, м.
Памянш. да свіран; невялікі свіран. На Бярозавым хутары ёсць работа: свіронак перасыпаць ды паветку змайстраваць Адольфу Даўнару. Колас.
свірчэ́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Разм. Утвараць гук са свістам пры палёце, руху і пад. [Дзед] сек.. [дровы] з такой лютасцю, што які аскабалак ламачыны аж узлятаў у паветра, свірчэў якую хвіліну, як.. добры прапелер, і з размаху плюхкаўся ў рэчку. Лынькоў.
свірэ́па, ‑ы, ж.
Пустазелле, палявая шматгадовая расліна сямейства крыжакветных з жоўтымі кветкамі. Паміж зялёнага мора, якое хвалямі пералівалася на сонцы, месцамі былі спрэс жоўтыя плямы свірэпы. Гурскі.
свірэ́павы, ‑ая, ‑ае.
Які атрымліваецца з насення свірэпіцы. Свірэпавы алей.
свірэ́піца, ‑ы, ж.
Аднагадовая культурная расліна сямейства крыжакветных, з насення якой здабываецца тэхнічны алей.
свірэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.
Тое, што і свірэпа. [Маша], як і ўсе, палала лён, які зарастаў свірэпкай і пырнікам. Гроднеў. Івана Іванавіча Сашка ведаў. То быў старшыня калгаса. Неяк ён дзякаваў Сашкавай маці, што яна хадзіла дапамагаць жанчынам выполваць свірэпку з пшаніцы. Даніленка.