клу́бневы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да клубня, з клубнямі. Клубневая почка.
клубні́цы, ‑ніц; адз. клубніца, ‑ы, ж.
1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства ружакветных, падобная да суніц.
2. Пахучыя і салодкія чырвоныя ягады гэтай расліны.
клубні́чнік, ‑у, м., зб.
Травяністыя кусты клубніц.
клубні́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да клубніц. Клубнічны ліст. // Прыгатаваны з клубніц. Клубнічнае варэнне.
клубні́чына, ‑ы, ж.
Адна ягада клубніц; клубніца.
клу́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да клуба 1, належыць яму. Клубная работа. Клубная зала. Клубны будынак.
клубняпло́ды, ‑аў; адз. клубняплод, ‑а, М ‑дзе, м.
Харчовыя, кармавыя і тэхнічныя расліны, якія ўтвараюць на падземных сцяблах клубні.
клубо́к, ‑бка, м.
1. Шарападобны маток нітак, шпагату і пад. Клубок пражы. Разматаць клубок. □ Хлопцы пазіралі з печы, як увачавідкі растуць клубкі і танчэюць верацёны. С. Александровіч. // Пра тое, што набыло форму шара, камка. Раптам з самага крайняга вулля нечакана вылецеў рой, сабраўся над вуллем у клубок, пачаў жвава круціцца, страшэнна гусці. Кулакоўскі. / у знач. прысл. клубко́м. Малы, абараняючыся, качаўся клубком па зямлі. Ракітны.
2. перан. Заблытанае мноства чаго‑н. Клубок раптоўных, загадкавых думак занасіўся ў .. [Рыгоравай] галаве. Гартны. Пякучая крыўда, і боль, і страх.. — усё зблыталася ў адзін клубок. Пальчэўскі.
3. Невялікі клуб 2; тое, што і клуб 2. Густы дым паваліў з-пад страхі і ахутаў, схаваў у сваіх клубках высокі комін завода. Пестрак. Дым чорны, як сажа, велізарнымі клубкамі віўся ўгору і расплываўся туманам. Нікановіч.
•••
Клубок у горле — пра пачуццё сутаргавага, хваравітага сціску ў горле.
Разматаць клубок гл. разматаць.
клубча́сты, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і клубісты. Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся. Колас.