Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прычэ́пісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Схільны чапляцца, прыдзірацца да каго‑, чаго‑н.; прыдзірлівы; назойлівы. Падаючы.. [нататку] прычэпістай Зосі, .. [Сымон] сказаў крыху вінаватым голасам: — Ведаеш, Зося! Хацеў напісаць як мага карацей, але нічога не выходзіць. Дубоўка.

прычэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. прычапляць — прычапіць (у 1 знач.).

2. перан. Разм. Зачэпка, прычына. Бярвенне — толькі прычэпка, галоўнае — дзяляначку новую выгаварыць. Лобан. Гарась вадзіў па хаце вачамі, хацеў знайсці яскравую прычэпку для гутаркі. Каваль.

3. перан. Разм. Несправядлівы дакор, дробязная, неістотная заўвага; прыдзірка. Брыгадзір хітра нейтралізаваў усе прычэпкі і наскокі вучня. Шамякін. Як хлопчыку даволі ўжо дысцыплінаванаму, не дужа прыкра было яму і ад прычэпак старога майстра Сеўрука. Гарэцкі. // Тое, да чаго можна прычапіцца, прыдрацца. І як ні біся, ні старайся, Хоць на кавалкі разрывайся, Прычэпку знойдзе [пан] і аблае, Яшчэ й пад носам наківае. Колас.

4. Спец. Нараст на паверхні пладоў некаторых раслін, з дапамогай якога яны чапляюцца за іншыя прадметы.

прычэ́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прычапіць.

прычэ́пліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. прычэпліваць — прычапіць.

прычэ́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прычапіцца.

2. Зал. да прычэпліваць.

прычэ́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прычапіць.

прычэ́плівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і прычэпісты. Ва ўмовах вайны яшчэ больш прычэплівай стала цэнзура, яшчэ цяжэй было з друкарняй. Ліс.

прычэ́пнік, ‑а, м.

Спец. Тое, што і прычэпка (у 4 знач.).

прычэ́пшчык, ‑а, м.

Работнік, які абслугоўвае прыладу, машыну, прычэпленую да трактара. За рулём сядзеў трактарыст, ля плугоў — прычэпшчык. Якімовіч.

прычэ́пшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да прычэпшчык.